З 24 лютага па 03 сакавіка на тэрыторыі Лепельскага раёна праходзіць прафілактычная акцыя «Тонкі лёд», накіраваная на папярэджанне гібелі людзей на водных аб'ектах у зімовы перыяд.

У рамках гэтай акцыі ратавальнікі, сумесна з прадстаўнікамі Асвода і супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, правядуць рэйды па мясцовых вадаёмах. Мэта гэтых мерапрыемстваў — нагадаць грамадзянам аб правілах бяспекі на лёдзе.

Ратавальнікі заклікаюць усіх жыхароў раёна быць уважлівымі і асцярожнымі пры знаходжанні побач з вадаёмамі ў зімовы перыяд. Варта памятаць, што выхад на лядовае пакрыццё магчымы толькі тады, калі яго таўшчыня дасягне не менш за 7 сантыметраў для аднаго чалавека і 10-12 сантыметраў – для групы людзей. Рыбакам рэкамендуецца выходзіць на лёд у выратавальных камізэльках. Дзецям забараняецца выходзіць на лядовае пакрыццё без суправаджэння дарослых. Каб пазбегнуць трагічных наступстваў, бацькам і асобам, адказным за выхаванне дзяцей, неабходна правесці тлумачальныя гутаркі аб выкананні правілаў бяспечных паводзін на лёдзе і паблізу вадаёмаў.

Акцыя «Тонкі лёд» накіравана на захаванне жыцця і здароўя грамадзян. Беражыце сябе і сваіх блізкіх, выконваючы правілы бяспекі!