У восеньска-зімовы перыяд штогод пачынаецца ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Як правіла, сімптомы многіх рэспіраторных інфекцый падобныя: насмарк, чханне, павышаная тэмпература, дрыжыкі, ламота ў суставах, можа далучыцца кашаль. Распаўсюджванне рэспіраторных вірусаў часта адбываецца ад інфікаваных людзей да здаровых пры кашлі, чханні. Найбольш небяспечным з усіх рэспіраторных інфекцый з'яўляецца грып.

Грып можа стаць прычынай абвастрэння наяўных хранічных захворванняў. Акрамя гэтага, грып мае шырокі спіс магчымых ускладненняў: лёгкавыя ўскладненні (пнеўманія, бранхіт), пнеўманія з'яўляецца прычынай большасці смяротных выпадкаў ад грыпу; ускладненні з боку верхніх дыхальных шляхоў і ЛОР-органаў (вотыт, сінусіт, рыніт, трахеіт); з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы (міякардыт, перыкардыт); з боку нервовай сістэмы (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, энцэфаліт, неўралгіі, палірадзікуланэўрыты).

Каб пазбегнуць магчымых ускладненняў, важна своечасова праводзіць прафілактыку і правільна лячыць само захворванне.

Пацыенту пры першых сімптомах трэба застацца дома, каб не толькі не заразіць навакольных, але і своечасова заняцца лячэннем, для чаго неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача.

Для правільнага лячэння неабходна строга выконваць усе рэкамендацыі лекара і своечасова прымаць лекі. Пры кашлі і чханні хворы павінен прыкрываць рот і нос хусткай або сурвэткай. Варта максімальна абмежаваць кантакт з хворым на грып, а пры доглядзе за ім выкарыстоўваць медыцынскую маску. Памяшканне, дзе знаходзіцца хворы, неабходна рэгулярна праветрываць і як мага часцей праводзіць там вільготную ўборку, пажадана з прымяненнем дэзінфікуючых сродкаў.

Згодна з рэкамендацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, найбольш эфектыўным сродкам супраць грыпу з'яўляецца вакцынацыя, бо менавіта вакцына забяспечвае абарону ад тых відаў віруса грыпу, якія з'яўляюцца найбольш актуальнымі ў дадзеным эпідэміялагічным сезоне і ўваходзяць у яе склад.

Зрабіўшы прышчэпку ад грыпу, вы абараняеце свой арганізм ад атакі найбольш небяспечных вірусаў — вірусаў грыпу, але застаецца яшчэ больш за 200 відаў вірусаў, якія менш небяспечныя для чалавека, але таксама могуць стаць прычынай захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Таму ў перыяд эпідэмічнага ўздыму захворвання на ВРВІ і грып рэкамендуецца прымаць меры неспецыфічнай прафілактыкі:

скараціце час знаходжання ў месцах масавага збору людзей і грамадскім транспарце;

карыстайцеся маскай у месцах збору людзей;

пазбягайце цесных кантактаў з людзьмі, якія маюць прыкметы захворвання, напрыклад, чхаюць або кашляюць;

рэгулярна старанна мыйце рукі з мылам, асабліва пасля вуліцы і грамадскага транспарту;

прамывайце поласць носа, асабліва пасля вуліцы і грамадскага транспарту;

рэгулярна рабіце вільготную уборку і праветрывайце памяшканне, у якім знаходзіцеся;

ешце як мага больш прадуктаў, якія змяшчаюць вітамін С (журавіны, брусніцы, цытрына і інш.).

вядзіце здаровы лад жыцця: правільнае харчаванне, рэжым працы і адпачынку спрыяюць умацаванню імунітэту.

 

 

                                               Урач-эпідэміёлаг Лепельскага раённага ЦГіЭ Наталля Паборцава