26 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Профілактыкай вытворчага траўматызму падчас уборкі ў Віцебскай вобласці займаюцца 24 мабільныя групы спецыялістаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Другі год запар для аказання практычнай і метадычнай дапамогі наймальнікам у забеспячэнні выканання заканадаўства аб ахове працы, аператыўным выяўленні і спыненні парушэнняў патрабаванняў аховы працы рашэннямі райвыканкамаў створаны 24 мабільныя групы. Практыка функцыянавання мабільных груп падчас масавай уборкі збожжавых паказала сваю эфектыўнасць: на працягу апошніх двух гадоў масавыя работы па ўборцы збожжавых культур у Віцебскай вобласці праходзяць без траўміравання і гібелі работнікаў. Разам з тым у некаторых арганізацыях АПК вобласці праверкі, арганізаваныя падчас месячніка бяспекі работ з 18 ліпеня па 18 жніўня, выявілі грубыя парушэнні заканадаўства аб ахове працы. Асноўныя недахопы і парушэнні паўтараюцца з году ў год і часта абумоўлены так званым чалавечым фактарам, калі службовымі асобамі наймальніка не выконваюцца абавязкі па забеспячэнні бяспекі працы і бяспечнай арганізацыі працоўнага працэсу, што сведчыць аб нізкай працоўнай і выканаўчай дысцыпліне ў арганізацыях. У многіх арганізацыях АПК не распрацоўваюцца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па бяспецы працы пры арганізацыі і правядзенні ўборачных работ, не прызначаны службовыя асобы, адказныя за выкананне правілаў і норм па ахове працы. Адзначаны недахопы ў навучанні работнікаў бяспечным метадам і прыёмам працы. Нярэдкія выпадкі, калі да работ з павышанай небяспекай дапускаюцца работнікі, якія не прайшлі прафесійную падрыхтоўку, не маюць адпаведнай кваліфікацыі. Не ва ўсіх гаспадарках вобласці было арганізавана правядзенне перадрэйсавых і паслярэйсавых медыцынскіх аглядаў кіроўцаў і механізатараў. Трывогу інспектараў выклікае тэхнічны стан машын і механізмаў, якія дапускаюцца да выканання ўборачных работ. Выяўлены выпадкі допуску да эксплуатацыі тэхнічна няспраўных трактароў, прычэпаў і складанай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая не прайшла штогадовага тэхагляду.