7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафсаюзы трымаюць на кантролі пытанні выканання тэмпературнага рэжыму на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юлія Федотава.
7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафсаюзы трымаюць на кантролі пытанні выканання тэмпературнага рэжыму на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юлія Федотава.
"Як толькі спёка ў нашай краіне стала "нормай", праца прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці падвергнулася карэкціроўцы", - сказала прэс-сакратар ФПБ.
Адным з першых з просьбай прыняць тэрміновыя меры па стварэнні нармальных умоў працы для работнікаў у сувязі з высокай тэмпературай паветра звярнуўся да кіраўнікоў Беларускі прафсаюз работнікаў лёгкай прамысловасці, які ўваходзіць у Федэрацыю прафсаюзаў, і канцэрн "Беллегпрам". Як адзначыў намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці Валерый Ждановіч, усім кіраўнікам былі разасланы адпаведныя лісты. "Сярод рэкамендацый - больш частая вільготная ўборка, устаноўка дадатковых вентылятараў, рэгулярная дастаўка астуджанай вады, карэкціроўка працоўнага часу і іншыя", - растлумачыў намеснік старшыні.
Па словах Валерыя Ждановіча, неабходнасць правядзення дадатковых ахоўных мерапрыемстваў пры неспрыяльных умовах надвор'я прапісана ў Тарыфным пагадненні на 2014-2016 гады. "Адпаведна, гэтая норма з'явілася і ў многіх калектыўных дагаворах прадпрыемстваў", - дадаў ён.
Так, на Добрушскім фарфоравым заводзе, дзе ў гарачых цэхах тэмпература можа перавысіць 40 градусаў, "мясцовай канстытуцыяй" прадугледжаны дадатковыя даплаты: рабочыя цэхаў, дзе знаходзяцца печы для абпалу посуду, пры ўмове, што тэмпература паветра вышэй за 27 градусаў цяпла, атрымліваюць не менш за 10% ад тарыфнай стаўкі чацвёртага разраду.
У ААТ "8 Сакавіка", дзе працуюць больш за 1,5 тыс. чалавек, у сувязі з анамальным надвор'ем былі закуплены дадатковыя вентылятары, у кожным цэху стаяць кулеры з халоднай вадой, вокны заклеілі сонечнаадбівальнай плёнкай. Рэгулярна старшыня прафкама разам з галоўным інжынерам наведваюць цэхі, апытваюць работнікаў, па меры паступлення скаргі і пажаданні разглядаюцца ў індывідуальным парадку. Тым, хто працуе ва ўмовах шкоднай працы, у летні перыяд павялічваюць памер надбаўкі. Гэта прадугледжана калектыўным дагаворам.
На Аршанскім льнокамбінаце пасля мадэрнізацыі ў цэхах устаноўлена сістэма клімат-кантролю. Там, дзе перааснашчэнне яшчэ трэба зрабіць, работнікам далі права на дадатковыя перапынкі. Усе супрацоўнікі забяспечаны пітной вадой.
У сваю чаргу галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Аляксандр Зайцаў адзначае, што сёння дакладна адрэгулявана нарматыўна-прававая база па пытанні захавання тэмпературнага рэжыму. Згодна з заканадаўствам наймальнікі абавязаны ствараць камфортныя ўмовы працы для работнікаў, якія адпавядаюць патрабаванням аховы працы. Прадугледжана, што пры моцнай спёцы і марозе (плюс 30-34, мінус 30-34 градусы) наймальнік абавязаны ўстанаўліваць рэжым працы, які выключае прычыненне шкоды жыццю і здароўю работніка. У санітарных жа нормах і правілах, па словах Аляксандра Зайцава, адным з самых важных крытэрыяў з'яўляецца тое, што дзеянне заканадаўства распаўсюджваецца не толькі на ўсе віды вытворчых памяшканняў і арганізацый, але і на офісныя памяшканні арганізацый усіх форм уласнасці, а таксама фізічных асоб, у тым ліку ІП.
Максімальна дапушчальнай пры седзячай працы з невялікай энергазатратай з'яўляецца тэмпература 28 градусаў цяпла. У тых вытворчых памяшканнях, у якіх немагчыма ўстанавіць нават дапушчальныя значэнні параметраў мікраклімату, напрыклад, з-за тэхналагічных патрабаванняў да вытворчага працэсу або эканамічна абгрунтаванай недарэчнасці, мікракліматычныя ўмовы павінны разглядацца як шкодныя і небяспечныя. "Пры гэтым наймальніку варта выкарыстоўваць меры абароны работнікаў, якія прадугледжваюць дадатковыя перапынкі, кандыцыянаванне паветра, паветранае душаванне, прымяненне сродкаў індывідуальнай абароны, стварэнне памяшканняў для адпачынку, рэгламентаваць час працы ў шкодных умовах працы", - адзначыў Аляксандр Зайцаў.
Па яго словах, тэхнічная інспекцыя працы ФПБ пастаянна кантралюе сітуацыю па захаванні належных умоў працы для работнікаў, у тым ліку ў сувязі з анамальным надвор'ем. Прафсаюзныя камітэты на месцах прымаюць усе магчымыя меры па нармалізацыі сітуацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. "Тэхнічныя інспектары і прадстаўнікі прафкамаў праводзяць рэгулярны маніторынг сітуацыі. Скарга супрацоўнікаў аператыўна разглядаюцца. Работнікі забяспечваюцца пітной вадой, у цэхах устанаўліваюцца сатуратары, закупляюцца вентылятары. Такая ж праца вядзецца і на будаўнічых аб'ектах, а таксама ў палях, дзе зараз у самым разгары ўборка збожжавых", - падкрэсліў ён.
Калі на прадпрыемстве ёсць праблемы з выкананнем нормаў тэхнікі бяспекі і парушаецца тэмпературны рэжым, а наймальнік не прымае належных мер, любы работнік можа патэлефанаваць па тэлефоне гарачай лініі тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ. "Усе званкі фіксуюцца, і кожная сітуацыя разглядаецца ў індывідуальным парадку", - звярнуў увагу Аляксандр Зайцаў.-0-
Навіны Беларусі (БелТА)