3 лютага, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Прафсаюзы сумесна з інспектарамі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы праводзяць у рэгіёнах маніторынг за выкананнем патрабаванняў аховы працы ва ўмовах нізкіх тэмператур, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. Спецыялісты звяртаюць увагу на выкананне тэмпературнага рэжыму ў вытворчых памяшканнях, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны і цёплым адзеннем тых, хто працуе на вуліцы. Пры немагчымасці забеспячэння адпаведнага санітарным патрабаванням тэмпературнага рэжыму прафсаюзы рэкамендуюць наймальнікам скарачаць працоўны дзень, але пры гэтым захоўваць сярэднядзённы заробак работнікаў. Прафсаюзы таксама настойваюць на тым, каб працуючым на вуліцы пры моцных маразах праводзіліся даплаты як за цяжкія ўмовы працы. "Пазіцыя ФПБ і прафкамаў прадпрыемстваў у дачыненні да абавязковага выканання патрабаванняў аховы працы будзе няўхільнай", - запэўніла Алена Манкевіч.-0-

БЕЛТА