9 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2012 год зацверджана сёння на 19-й пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праграма накіравана на далейшае зніжэнне ўзроўню злачыннасці і карупцыі ў вобласці, забеспячэнне правапарадку, процідзеянне негатыўным тэндэнцыям у структуры злачыннасці. Для дасягнення намечаных задач плануецца рэалізаваць шэраг мерапрыемстваў. У абласным цэнтры і рэгіёнах вобласці працягнецца ўстаноўка сістэм відэаназірання ў месцах масавага знаходжання людзей і на вулічна-дарожнай сетцы, будуць актывізаваны намаганні па прафілактычнай рабоце з падлеткамі, асобамі, якія злоўжываюць алкаголем, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі. Рэалізацыя ўсіх намечаных мерапрыемстваў дазволіць аказаць больш эфектыўны ўплыў на крымінагенную абстаноўку, якая складваецца, прыняць дзейсныя меры па папярэджанні і недапушчэнні правапарушэнняў. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Генадзь Канахоў, у выніку рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2010-2012 гады ў Віцебскай вобласці склалася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўзроўню злачыннасці. Паменшылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх, рэцыдыўных злачынстваў, а таксама злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення, непаўналетнімі. Разам з тым, нягледзячы на наяўныя пазітыўныя змены, у некаторых рэгіёнах вобласці і па асобных напрамках праваахоўнай дзейнасці крымінагенная абстаноўка застаецца складанай. Так, у 2011 годзе ўзрасла колькасць крадзяжоў, іх удзельная вага ў агульнай структуры злачыннасці склала 76,4% (у 2010 годзе - 72,3%). Значная колькасць крадзяжоў учынена з будаўнічых аб'ектаў і з арганізацый аграпрамысловага комплексу. Высокі ўзровень карупцыйных правапарушэнняў у прамысловасці, аграпрамысловым комплексе, гандлі, ахове здароўя і адукацыі. У 11 раёнах вобласці пры агульнай станоўчай тэндэнцыі зніжэння злачыннасці павялічылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў. Таксама застаецца даволі высокай (27%) удзельная вага злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення.