Праграма процідзеяння гандлю людзьмі на 2011-2013 гады распрацавана ў Беларусі
16.6.20100 праглядаў
16 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пачынаючы з 2002 года ў Беларусі спынена дзейнасць 22 злачынных арганізацый, якія займаліся гандлем людзьмі. Аб гэтым паведаміў сёння ў Віцебску на семінары "Супрацоўніцтва дзяржаўных, міжнародных і грамадскіх арганізацый у галіне процідзеяння і папярэджання гандлю людзьмі" начальнік 5-га аддзела (процідзеянне міждзяржаўнаму гандлю людзьмі) упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі (УНіПТЛ КМ) МУС Дзмітрый Цаюн, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пачынаючы з 2006 года, у рэспубліцы адзначаецца паступовая тэндэнцыя да зніжэння злачынстваў, звязаных з вывазам людзей за мяжу для сексуальнай эксплуатацыі. На думку Дзмітрыя Цаюна, гэтаму спрыяла мэтанакіраваная работа дзяржаўных органаў, міжнародных і грамадскіх арганізацый. У Беларусі 15 міністэрстваў і ведамстваў прымаюць удзел у рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па процідзеянні гандлю людзьмі. У апошнія гады Крымінальны кодэкс папоўніўся 2 артыкуламі, якія прадугледжваюць пакаранне для гандляроў людзьмі.
Беларусь з'яўляецца адным з прызнаных лідэраў па процідзеянні гандлю людзьмі ў свеце, канстатаваў Дзмітрый Цаюн і, нягледзячы на дасягнутыя вынікі, не мае намеру згортваць барацьбу з гэтым злом. Цяпер распрацавана 3-я дзяржаўная праграма па процідзеянні гандлю людзьмі, якая разлічана на 2011-2013 гады. Яна перададзена на зацвярджэнне.
У Беларусі за 5 месяцаў бягучага года выяўлена 232 злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі і іншымі спадарожнымі злачынствамі, з іх 114 злачынстваў звязаны з трафікам, 61 злачынства адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.
Мерапрыемства ў Віцебску працягнецца да 18 чэрвеня. У ходзе яго работы будзе разгледжана роля праваахоўных, судовых органаў у прафілактыцы, выяўленні злачынстваў у сферы гандлю людзьмі, абмяркоўваліся пытанні псіхалагічнай, сацыяльнай і медыцынскай рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі, а таксама выпрацаваны прапановы па ўмацаванні супрацоўніцтва дзяржаўных, міжнародных і грамадскіх арганізацый у гэтай сферы. У семінары прымаюць удзел прадстаўнікі гарадскіх і раённых выканкамаў Віцебскай вобласці, аблвыканкама, МАМ, МУС, грамадскіх арганізацый, а таксама прадстаўнікі праваахоўных органаў Латвіі, Смаленскай, Пскоўскай абласцей.
Семинар праводзіцца пры фінансавым садзейнічанні Шведскага ўпраўлення міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Sida ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Барацьба з гандлем людзьмі: Рэспубліка Беларусь", які рэалізуецца МУС Беларусі і прадстаўніцтвам МАМ у Беларусі, а таксама ў рамках сумеснaга праекта МУС Беларусі і прадстаўніцтваў ААН/ПРААН і ЮНІСЕФ у Беларусі.-0-
БЕЛТА