9 ліпеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Сёння стартуе праграма сольных канцэртаў XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першым выступіць Метадзій Бужор (Расія). Праграма "Успаміны…" пачнецца а 19.00 у канцэртнай зале "Віцебск".

Метадзій Бужор - удзельнік расійскага тэлевізійнага праекта Першага канала "Голас". Віцебская публіка з ім пазнаёмілася ў 2012 годзе. У канцэрце ўрачыстага закрыцця XXI Міжнароднага форуму мастацтваў спявак бліскуча выканаў знакамітую песню "Дарогай доўгай…". І вось гэтым летам Метадзій Бужор прыязджае ў Віцебск з сольным канцэртам.

Спявацкую кар'еру выпускнік Кішынёўскай акадэміі музыкі, тэатра і выяўленчых мастацтваў пачынаў як саліст оперы. Ён супрацоўнічаў з опернымі фестывалямі і тэатрамі Італіі, Германіі, Францыі, Галандыі, выступаў у оперных спектаклях і з канцэртамі ў ЗША, Англіі, Кітаі, Швейцарыі, Іспаніі. Ураджэнец Малдовы Метадзій Бужор шмат гадоў жыве ў Санкт-Пецярбургу. Народны артыст СССР легендарны Муслім Магамаеў, якога Метадзій называе сваім кумірам, у свой час даў вельмі высокую ацэнку таленту маладога выканаўцы.

Сёння таксама будзе дадзены старт фестывальным мерапрыемствам у Летнім амфітэатры. Алена Ваенга прадставіць на фестывалі праграму "Лена". Альбом пад аднайменнай назвай выйшаў у свет восенню мінулага года, у яго ўвайшлі 14 песень, у якіх артыстка паўстае ў розных жанрах.

Падчас "Славянскага базару" на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца 15 канцэртаў. Усяго ж на фестывалі пройдзе больш за 60 мерапрыемстваў - канцэртаў, спектакляў, кінапаказаў, выстаў, прэзентацый. У форуме прымаюць удзел артысты з 31 краіны свету: Аўстраліі, Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Германіі, Грузіі, Даніі, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кубы, Латвіі, Літвы, Македоніі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Узбекістана, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі.

Фестывальную акрэдытацыю атрымаюць каля 5 тыс. чалавек. Гэта артысты, журналісты, работнікі адміністрацыйных і тэхнічных службаў, госці фестывалю.

У Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2013" прымуць удзел спявачкі з 21 краіны, у XI Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2013" – юныя таленты з 18 краін свету.