22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рамачная праграма супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці на 2013-2017 гады зацверджана ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 18 красавіка бягучага года №369, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Каардынацыю і кантроль за рэалізацыяй гэтай праграмы, згодна з дакументам, будзе ажыццяўляць Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Таксама пастановай зацверджаны 6 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, сярод іх - "Павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі ў Рэспубліцы Беларусь", "Усходне-Заходняя Еўрапейская сетка вышэйшай тэхнічнай адукацыі", "Міжакадэмічная сетка Эразмус Мундус", "Развіццё тэхнічнага супрацоўніцтва па ядзернай бяспецы ў сферы садзейнічання рэгулюючым органам", "Экстранае садзейнічанне кантролю за ўспышкамі афрыканскай чумы свіней у Рэспубліцы Беларусь" і "Ахова навакольнага асяроддзя міжнародных рачных басейнаў". Яны зацверджаны на падставе прапаноў Камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Саўміне Беларусі.

Дакументам таксама ўстаноўлена, што каардынаваць і сачыць за ходам рэалізацыі праекта "Павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі ў Рэспубліцы Беларусь" будзе Мінфін, праектаў "Усходне-Заходняя Еўрапейская сетка вышэйшай тэхнічнай адукацыі" і "Міжакадэмічная сетка Эразмус Мундус" - Міністэрства адукацыі, "Развіццё тэхнічнага супрацоўніцтва па ядзернай бяспецы ў сферы садзейнічання рэгулюючым органам" - МНС, "Экстранае садзейнічанне кантролю за ўспышкамі афрыканскай чумы свіней у Рэспубліцы Беларусь" - Мінсельгаспрад. Кантраляваць рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Ахова навакольнага асяроддзя міжнародных рачных басейнаў" належыць Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Пастанова ўступіла ў сілу з дня яе прыняцця.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)