12 мая, Шклоўскі раён /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Праграма будаўніцтва жылля ў Беларусі будзе скарэкціравана. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым па краіне праблема з забяспечанасцю жыллём ужо не стаіць так востра, а таму неабходна скарэкціраваць праграму па будаўніцтве жылля. "Трэба глядзець, каму мы павінны дапамагчы і каму мы павінны будаваць жыллё. Калі ты паляпшаеш жыллёвыя ўмовы, даставай з кішэні грошы і будаўні. Мы павінны, зыходзячы з нашых магчымасцей, пабудаваць толькі тым, хто ў першы раз атрымлівае жыллё", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дадаў, што да гэтага пытання трэба падыходзіць акуратна. "Трэба больш эканомна да гэтага ставіцца. Не размахвацца, маўляў, усім дамо. Ды не дамо мы ўсім!" - сказаў Прэзідэнт.
Што тычыцца іншых дзяржаўных праграм, то яны будуць скарочаны, але толькі па тых напрамках, дзе гэта неабходна. "Мне многія кажуць: давайце дзяржаўныя праграмы скароцім. Давайце скароцім. Ну і што далей? Тады давайце не будзем будаваць комплексы, дарогі, жыллё... Не. Усё будзем будаваць. Але рабавання ўжо быць не павінна. Тысячу разоў трэба падумаць - сілікатам тут выкладаць, жалезныя дзверы рабіць ці нейкія іншыя, але каб яны былі даўгавечныя, каб было прыгожа", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта магчыма зрабіць. "Я бачу па прыватніку. Калі прыватнік пачынае займацца, дзе б я ні сутыкаўся, удвая эканомней, чым мы гэта робім ад імя дзяржавы", - дадаў Прэзідэнт.
У той жа час ён падкрэсліў, што дзяржпраграма па сяле скарочана не будзе. "Калі мы страцім тэмп рэканструкцыі сяла, значыць, мы, напэўна, ніколі іх не набяром", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што колькасць аб'ектаў у сельскай гаспадарцы не павінна зменшыцца, паколькі ў цяперашні час вялікія патрэбы ў сельгаспрадукцыі, і рынкі збыту шукаць не трэба. У той жа час кіраўнік дзяржавы лічыць, што галоўная праблема на сяле - гэта расхлябанасць, у тым ліку ў цэнаўтварэнні. Ён зноў падкрэсліў, што пра якую б сферу ні ішла размова, варта выбіраць самыя аптымальныя варыянты. -0-
БЕЛТА
Праграма будаўніцтва жылля ў Беларусі будзе скарэкціравана - А.Лукашэнка
12.5.20110 праглядаў