Праграмы развіцця адукацыі павінны грунтавацца на прагнозе патрэбы эканомікі ў кадрах на пяцігадовы перыяд. Гэта замацавана пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 28 снежня 2017 года №1016 "Аб некаторых пытаннях прагназавання патрэбы эканомікі ў кадрах", апублікаванай сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

У мэтах далейшага павышэння эфектыўнасці выкарыстання працоўнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь і забеспячэння збалансаванасці попыту і прапановы рабочай сілы Міністэрству эканомікі даручана штогод да 1 верасня распрацоўваць дэмаграфічны прагноз на пяцігадовы перыяд па краіне, абласцях і Мінску, а Міністэрству працы і сацыяльнай абароны штогод да 1 лістапада – прагноз балансу працоўных рэсурсаў. На аснове атрыманых даных Мінпрацы і сацабароны фарміруе патрэбы эканомікі ў кадрах на пяцігадовы перыяд па прафесійна-кваліфікацыйных групах і прадастаўляе Міністэрству адукацыі, іншым заснавальнікам устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі інфармацыю аб патрэбе эканомікі ў кадрах на пяцігадовы перыяд па прафесійна-кваліфікацыйных групах. Гэтая інфармацыя выкарыстоўваецца пры фарміраванні прагнозных паказчыкаў на пяцігадовы перыяд па профілях (напрамках) адукацыі, якія ўключаюцца ў дзяржаўныя праграмы развіцця вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Міністэрству працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам эканомікі даручана каардынацыя дзейнасці органаў дзяржкіравання пры фарміраванні патрэбы эканомікі ў кадрах на пяцігадовы перыяд па прафесійна-кваліфікацыйных групах.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.