16 лютага, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Праграмы ўступных выпрабаванняў у ВНУ і ССНУ Беларусі на 2011 год апублікаваны на сайтах Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Юрый Гладкоў. Паводле яго слоў, тэмы, якія будуць уключаны ў экзаменацыйныя тэсты і пытанні, апублікаваны ў Інтэрнэце і даступныя ўсім абітурыентам. Праграмы прызначаны для тых, хто паступае ў ССНУ пасля атрымання агульнай базавай адукацыі (пасля 9 класаў), а таксама для тых, хто пасля заканчэння 11 класаў плануе паступаць у ССНУ або ВНУ. Начальнік упраўлення адзначыў, што праграмы 2011 года маюць некаторыя змены. "Нагадаю, што праграмы ўступных выпрабаванняў 2010 года распрацоўваліся з улікам пераходу сярэдняй школы на 11-гадовы тэрмін навучання. У сувязі з гэтым з іх у мінулым годзе былі выключаны тэмы, якія не праходзілі ў 11 класах. Цяпер жа многія тэмы зноў з'явіліся - вывучаюцца ў школах, а значыць, унесены ў праграмы ўступных выпрабаванняў", - растлумачыў Юрый Гладкоў. Спецыфікацыя тэстаў для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання распрацавана ўжо на падставе праграм уступных выпрабаванняў. У рабочыя групы па распрацоўцы праграм увайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, Нацыянальнага інстытута адукацыі, ВНУ, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, лепшыя педагогі краіны.-0-

БЕЛТА