18 сакавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Аб'ёмы вытворчасці прадукцыі на Арэхаўскім льнозаводзе (Аршанскі раён Віцебскай вобласці) пасля мадэрнізацыі, якую маюць намер завяршыць летам бягучага года, павялічацца на 50%. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Арэхаўскі льнозавод" Юрый Скараход.
Паводле яго слоў, ужо закуплена сучасная высокапрадукцыйная лінія па перапрацоўцы льнотрасты. Мантаж абсталявання пачнецца на прадпрыемстве ў красавіку. "Прадукцыйнасць лініі складае 2 тоны ў гадзіну, гэта ў тры разы больш, чым выпрацоўвае абсталяванне, на якім працавалі да гэтага часу. За год зможам перапрацоўваць да 10 тыс. т трасты, - падкрэсліў Юрый Скараход. - У выніку мадэрнізацыі выхад валакна павялічыцца на 50%, значна палепшыцца яго якасць".
Юрый Скараход адзначыў, што асноўным спажыўцом льновалакна, якое выпрацоўваецца на прадпрыемстве, з'яўляецца Аршанскі льнокамбінат. Якасная сыравіна запатрабавана таксама на прадпрыемствах Еўропы, у Кітаі і Японіі. І мадэрнізацыя вытворчасці адкрывае перад акцыянерным таварыствам перспектывы работы на знешнім рынку.
Дырэктар льнозавода падкрэсліў, што на прадпрыемстве вядзецца не проста мадэрнізацыя, а комплексная рэканструкцыя. "Закупляем новае абсталяванне для кацельні, якая будзе працаваць на адходах вытворчасці, мадэрнізуем сховішчы для лёну. У выніку атрымаем сучасны завод, дзе не будзе ні пылу, ні трэскі, - сказаў Юрый Скараход, адзначыўшы, што на прадпрыемстве значна палепшацца ўмовы працы. - Людзі будуць працаваць у чысціні і ў цяпле".