21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадукцыйнасць працы ў Віцебскай вобласці апярэджвае рост заработнай платы на 17%, паведаміў сёння на ўрачыстай цырымоніі правадоў дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012" старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Каля 49% сродкаў прадпрыемствы вобласці накіроўваюць на мадэрнізацыю вытворчасцей. Па выніках студзеня-жніўня 2012 года складскія запасы не перавышаюць траціны ад дапушчальных аб'ёмаў, тэмп росту экспарту склаў 404% да аналагічнага перыяду мінулага года. Вобласць перавысіла запланаваны памер станоўчага сальда знешнегандлёвага абароту ў $290 млн. і ўжо дасягнула $1,5 млрд. Чакаецца, што ўзровень сярэдняй заработнай платы ў верасні па рэгіёне дасягне $450 у эквіваленце, а ў снежні складзе не менш за $500. На працягу 2013 года вобласці трэба будзе дасягнуць узроўню заработнай платы не ніжэй за паказчык у Смаленскай вобласці, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Таму перад рэгіёнам стаіць задача працягнуць мадэрнізацыю вытворчай сферы, забяспечыць выпуск ліквіднай прадукцыі, працаваць над дыверсіфікацыяй рынкаў збыту.-0-

БЕЛТА