13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі карэктуецца дзяржаўная праграма па зборы і нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў на 2009-2015 гады ў бок павелічэння іх аб'ёмаў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праграма ў скарэкціраваным выглядзе ўнесена ў Саўмін, адзначыў Анатоль Шагун. "Прадугледжваецца павелічэнне аб'ёмаў збору рэсурсаў у параўнанні з тым, што было запланавана ў 2009 годзе, калі яе прымалі. Да 2015 года прырост збору макулатуры павінен скласці прыкладна 68% да ранейшай лічбы, па палімерах - 23%", - сказаў намеснік міністра. Функцыі каардынатара па рэалізацыі праграмы пераходзяць ад Мінгандлю да Мінжылкамгасу, і ён будзе несці адказнасць за забеспячэнне даведзеных аб'ёмаў нарыхтовак другаснай сыравіны. Тут важную ролю павінен адыграць створаны ў сістэме Мінжылкамгасу аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, у абавязкі якога ўваходзіць забеспячэнне арганізацыі збору, абясшкоджвання і выкарыстання адходаў, якія ўтвараюцца пасля страты спажывецкіх уласцівасцей шэрагу тавараў, а таксама пластмасавай, шкляной, папяровай, кардоннай тары, у якую ўпакаваны спажывецкія тавары. "Аператар - гэта наш інструмент, каб забяспечыць выкананне заданняў з мінімальнымі затратамі і максімальнай выгадай для краіны", - адзначыў Анатоль Шагун. А ўстаноўленыя аб'ёмы неабходныя для забеспячэння патрэб сваіх перапрацоўваючых прадпрыемстваў у адходах паперы, кардону, шкла, палімераў. Праграмай прадугледжана стварэнне новых вытворчасцей па перапрацоўцы адходаў, у прыватнасці, шын, батарэек, шматкаплектнай тары з паперы, кардону, палімераў і фольгі. Таксама намечана перапрацоўваць моцна забруджаны поліэтылен і поліпрапілен, ртуцьзмяшчальныя адходы, элементы складанай бытавой тэхнікі. Усе гэтыя мерапрыемствы закладзены ў дзяржпраграму і будуць фінансавацца ў тым ліку і за кошт тых сродкаў, якія збярэ аператар, заключаючы дагаворы з вытворцамі на ўтылізацыю адходаў. Пры гэтым намеснік міністра пакуль устрымаўся ад прагнозаў, колькі будзе сабрана сродкаў у 2013 годзе па новай сістэме збору, усталяванай указам №313 "Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання". "Спрагназаваць суму сродкаў, якая паступіць аператару, сёння складана. Вядома, мы арыентаваліся на пэўныя лічбы, распрацоўваючы гэты дакумент. Але пакуль пра іх гаварыць заўчасна, мы толькі пачынаем", - сказаў ён.