На Віцебшчыне актыўна вядзецца работа па асваенні новых відаў імпартазамяшчальнай прадукцыі – як для ўнутранага рынку, так і па кааперацыі з расійскімі кампаніямі. У 2023 годзе аб'ём такой прадукцыі плануюць павялічыць на 4,8%.

"За студзень – верасень 2022 года аб'ём выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі склаў $737,5 млн, што на 14,1% перавысіла паказчык аналагічнага перыяду 2021 года. За 9 месяцаў прадукцыі прадпрыемстваў паўночнага рэгіёну экспартавана на $497,6 млн. Умоўная эканомія валютных сродкаў за кошт пастаўкі прадукцыі на ўнутраны рынак склала $91,6 млн. На 2023 год пастаўлена задача па забеспячэнні прыросту аб'ёму вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі на 4,8% да ўзроўню 2022 года", - адзначылі ў аблвыканкаме. 

У 2022 годзе работа ў імпартазамяшчэнні актыўна ішла на вядучых прадпрыемствах вобласці. Так, завод "Эвістар" асвоіў электрамеханізмы, камплектуючыя для камбайнавага завода "Ростсельмаш". На адным з прадпрыемстваў пачалі вырабляць малапамерныя вымяральныя трансфарматары току напружання 0,66-1 кВ для ўстаноўкі ў фідары для Свярдлоўскага завода трансфарматараў току.

Таксама спецыялісты адзначылі, што ў 2023 годзе плануюць забяспечыць у цэлым прырост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці на 1,7% да 2022 года за кошт выпуску і рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку імпартазамяшчальнай, як унутры краіны, так і на рынках дружалюбных краін. Працягнецца работа па выбудоўванні новых лагістычных ланцужкоў і сістэм разлікаў. Павелічэнне долі дабаўленай вартасці ў аб'ёме вытворчасці плануецца забяспечыць за кошт мадэрнізацыі і тэхнічнага перааснашчэння дзеючых магутнасцей.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by