30 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура патрабуе ўзмацніць кантроль за выкарыстаннем жылля манеўранага фонду Віцебска. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА, каментуючы вынікі праверкі, пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства пракуратуры Віцебскай вобласці Павел Зайцаў. Паводле яго слоў, праверка паказала, што з боку Віцебскага гарвыканкама не забяспечаны належны ўлік жылля манеўранага фонду ў абласным цэнтры. Аб слабым кантролі ў гэтай сферы сведчаць факты парушэння парадку прадастаўлення жылых памяшканняў, засялення жылля дадзенай катэгорыі асобамі, якія не маюць у адпаведнасці з заканадаўствам права пражывання ў ім, выпадкі несвоечасовага вызвалення займаемых памяшканняў названай катэгорыі. "У прыватнасці, у большасці выпадкаў жылыя памяшканні прадастаўляліся не ў адпаведнасці з рашэннем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а на падставе рашэнняў Віцебскага гарвыканкама аб зацвярджэнні тытульнага спісу аб'ектаў па капітальным рамонце, рэканструкцыі, мадэрнізацыі жыллёвага фонду і інжынерных сетак. Акрамя таго, допускаецца недбайнае афармленне дагавораў найму спецыяльных жылых памяшканняў, не ўсе названыя дагаворы зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку", - адзначыў пракурор. Ён падкрэсліў, што адсутнасць кантролю за мэтавым выкарыстаннем манеўранага фонду прыводзіць да неабгрунтаваных затрат на яго ўтрыманне, парушэння жыллёвых правоў грамадзян. Па выніках праверкі пракуратура Віцебскай вобласці ўнесла ў Віцебскі гарвыканкам прадстаўленне аб устараненні выяўленых парушэнняў і неабходнасці ўзмацнення кантролю ў гэтай сферы, па выніках разгляду якога вінаватыя асобы былі прыцягнуты да адказнасці. У адпаведнасці з палажэннем аб спецыяльных жылых памяшканнях дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 24.09.2008 №1408, жылыя памяшканні манеўранага фонду прызначаюцца для часовага пражывання дзвюх катэгорый грамадзян. Жыллё такога тыпу прадастаўляецца наймальнікам (уласнікам) і членам іх сем'яў у сувязі з іх адсяленнем з жылых дамоў, якія падлягаюць капітальнаму рамонту або рэканструкцыі, рамонт або рэканструкцыя якіх не могуць быць праведзены без высялення пражываючых. У дадзеным выпадку жылыя памяшканні манеўранага фонду прадастаўляюцца без скасавання дагавора найму раней займаемага жылога памяшкання.