17 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці пачынае Год беражлівасці з маніторынгу за выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско.
Паводле яго слоў, з улікам аб'яўлення 2013 года Годам беражлівасці яшчэ ў снежні 2012-га было прынята рашэнне правесці маніторынг за станам дзяржмаёмасці. "Нашы дзеянні з'яўляюцца менавіта маніторынгам, а не праверкамі", - падкрэсліў Генадзь Дыско і растлумачыў, што перад супрацоўнікамі пастаўлена задача разам са спецыялістамі праехаць па фермах, малочна-таварных комплексах, будоўлях, складскіх памяшканнях, мехдварах і ацаніць беражлівасць і гаспадарлівасць кіраўнікоў.
Вынікі маніторынгу з прадстаўленнем усіх сабраных матэрыялаў, якія ў цяперашні час абагульняюцца, будуць разгледжаны ў лютым на вялікай каардынацыйнай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых ведамстваў. "Убачанае становішча спраў заслугоўвае самай жорсткай крытыкі: разбітыя шкла, кінутыя на палях трактары з плугамі, раскідзеныя ўгнаенні і іншае. На нарадзе будзе дадзена прынцыповая ацэнка ўсім фактам бязгаспадарнасці", - падкрэсліў пракурор вобласці.
Акрамя таго, у Год беражлівасці органы пракуратуры маюць намер пільную ўвагу надаць пытанням нагляду за правядзеннем тэндараў, размеркаваннем сродкаў, эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці, дадаў Генадзь Дыско.-0-