12 сакавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці ініцыюе ўвядзенне абмежаванняў на продаж алкаголю падчас хрысціянскіх пастоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімір Гук.

Ён падкрэсліў, што традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці могуць садзейнічаць сцвярджэнню цвярозасці ў сучасным грамадстве, і адзначыў, што ў перыяд хрысціянскіх святаў і пастоў было б мэтазгодна праводзіць дні цвярозасці. "Адным з напрамкаў сумеснай прафілактычнай работы можа стаць прыняцце рашэння мясцовымі органамі ўлады аб абмежаванні рэалізацыі спіртнога падчас хрысціянскіх пастоў", - сказаў намеснік пракурора вобласці.

Паводле яго слоў, неабходна на больш высокім якасным узроўні наладжваць канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж грамадскасцю, органамі ўлады, праваахоўнымі структурамі і традыцыйнымі рэлігійнымі канфесіямі, асабліва праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. Разам праводзіць работу па дэкрыміналізацыі насельніцтва вобласці, аздараўленні абстаноўкі ў неспрыяльных сем'ях, сцвярджэнні цвярозага ладу жыцця.

Уладзімір Гук адзначыў, што ў апошні час у грамадстве расце аўтарытэт свяшчэннаслужыцеляў. "Да іх меркавання прыслухоўваецца ўсё больш людзей незалежна ад асабістага стаўлення да веры. П'янства, наркаманія, гвалт, амаральнасць - ворагі як для дзяржавы, так і царквы. Скаардынаваная супольная работа, безумоўна, дасць вынік", - перакананы намеснік пракурора вобласці.