24 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці патрабуе актывізаваць работу па выяўленні фактаў незаконнага ўдзелу службовых асоб у прадпрымальніцкай дзейнасці. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, дзе абмяркоўвалася пытанне аб ходзе выканання дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2010-2012 гады і абласной праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2011 год, заявіў пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско. Пракуратура лічыць недастатковай работу асобных раённых аддзелаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) і аналагічнага аддзела УУС Віцебскага аблвыканкама. "У рабоце АБЭЗ адсутнічаюць значныя вынікі па выяўленні фактаў незаконнага ўдзелу службовых асоб у прадпрымальніцкай дзейнасці, не надаецца належнай увагі выкарыстанню бюджэтных сродкаў, накіраваных на набыццё і абслугоўванне дзяржаўнай уласнасці", - канстатаваў пракурор. Як падкрэсліў Генадзь Дыско, найважнейшым складнікам дзяржпраграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй з'яўляюцца мерапрыемствы па папярэджанні карупцыйных злачынстваў. У мэтах іх прафілактыкі пракуратурай вобласці ў бягучым годзе праведзена каля сотні праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. Па іх выніках складзена 170 актаў пракурорскага нагляду, больш за 100 службовых асоб прыцягнута да розных відаў адказнасці. На фоне зніжэння агульнай злачыннасці ў Віцебскай вобласці колькасць выяўленых карупцыйных правапарушэнняў расце. За 10 месяцаў бягучага года выяўлена 311 злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі карупцыйных, што на 5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Значная колькасць такіх супрацьпраўных дзеянняў выяўлена ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у сферы гандлю, дзяржкіравання і адукацыі. Праведзеныя пракуратурай праверкі сведчаць аб недастатковым узроўні арганізацыі работы па прафілактыцы службовых злачынстваў у структурах камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сельскай гаспадарцы, упраўленнях гандлю і адукацыі аблвыканкама, сказаў Генадзь Дыско.-0-

БЕЛТА