29 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Пракуратура выявіла шэраг парушэнняў у працы дзіцячых садоў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Крукiўская.

Парушэнні былі ўстаноўлены ў ходзе праверкі выканання ўстановамі дашкольнай адукацыі заканадаўства, накіраванага на абарону правоў дзяцей. Так, у асобных дзіцячых садах Віцебскага, Браслаўскага раёнаў, Віцебска не выконваўся парадак прыёму выхаванцаў. У некаторых установах дашкольнай адукацыі абласнога цэнтра, Полацка, Полацкага, Браслаўскага, Мёрскага і Ушацкага раёнаў не вытрымліваліся нормы напаўняльнасці груп дзецьмі. Таксама былі выяўлены выпадкі невыканання тэмпературнага рэжыму, факты неналежнага агароджы тэрыторыі, наяўнасці дэфектаў металічнага абсталявання на гульнявых пляцоўках, неабходнасці правядзення рамонту фасадаў будынкаў, навесаў, веранд і тэрас.

Актуальны характар носяць пытанні забеспячэння пажарнай бяспекі ў шэрагу дашкольных устаноў Шумілінскага, Глыбоцкага, Віцебскага, Полацкага, Талачынскага, Шаркаўшчынскага, Пастаўскага, Сенненскага раёнаў, Кастрычніцкага раёна Віцебска, Оршы і Полацка. Праблемы, звязаныя з асвятленнем памяшканняў, арганізацыяй харчавання дзяцей, станам харчаблокаў і санітарных вузлоў былі ўстаноўлены ў асобных дзіцячых садах Полацка, Наваполацка і Оршы, Полацкага, Росанскага, Шаркаўшчынскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Мёрскага, Дубровенскага, Лепельскага, Пастаўскага, Лёзненскага, Сенненскага, Браслаўскага і Шумілінскага раёнаў.

Пры рэалізацыі праграм абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, службовымі асобамі ўстаноў адукацыі дапускаліся факты неналежнай арганізацыі работы з сем'ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, парушэнні прад'яўленых патрабаванняў да парадку выяўлення непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, адзначыла Ірына Крукiўская.