17 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Грамадскія аб'яднанні прамыслоўцаў беларускіх і расійскіх абласцей абмяркуюць перспектывы дзейнасці, пытанні ўзаемадзеяння і кааперацыі ва ўмовах Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана на сумесным пасяджэнні 19 мая ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным саюзе наймальнікаў.
У мерапрыемстве возьмуць удзел больш за 60 чалавек, у тым ліку кіраўнікі бізнес-асацыяцый Віцебскай, Гродзенскай, Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай абласцей, дырэктары прадпрыемстваў беларускіх і расійскіх рэгіёнаў, а таксама прадстаўнікі бізнес-супольнасці Даўгаўпілса (Латвія). Плануецца, што на пасяджэнні будзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні паміж Віцебскім абласным саюзам наймальнікаў і Калужскім аб'яднаннем прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
Удзельнікі сумеснaга пасяджэння таксама азнаёмяцца з арганізацыяй вытворчасці і перспектывамі развіцця адкрытага акцыянернага таварыства "Віцебскія дываны", на базе якога будзе арганізавана дзелавое абмеркаванне прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў.
Віцебскі абласны саюз наймальнікаў (ВАСН) - найбуйнейшае некамерцыйнае аб'яднанне наймальнікаў Прыдзвінскага краю, членамі якога з'яўляюцца больш за 250 прадпрыемстваў і арганізацый. Аб'яднанне заснавана ў 1999 годзе. На сённяшні дзень выпуск прамысловай прадукцыі прадпрыемстваў - членаў ВАСН складае больш за 70% агульнага аб'ёму вытворчасці прадпрыемстваў вобласці.-0-
БЕЛТА
Прамыслоўцы Беларусі і Расіі абмяркуюць у Віцебску перспектывы працы ў Мытным саюзе
17.5.20100 праглядаў