28 жніўня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Прамысловасць у Беларусі будзе і надалей развівацца з улікам экалагічнай бяспекі. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза, прымаючы ўдзел у адкрыцці VIII Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах віцэ-прэм'ера, пытанням аховы прыроды ў Беларусі надаецца шмат увагі. Дзяржава імкнецца развівацца так, каб гэта не прыносіла значнай шкоды асяроддзю пражывання. У тым ліку пры актыўным развіцці прамысловасці. Так, пры стварэнні кожнага новага прадпрыемства абавязкова праводзіцца экалагічная экспертыза. На дзейных рэгулярна арганізуюцца мерапрыемствы з мэтай мінімізаваць колькасць шкодных выкідаў у атмасферу, прадухіліць забруджванне вадаёмаў, лясоў.
Як адзначыў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Кулік, пра дасягненні прыродаахоўнага ведамства Беларусі за 50 гадоў працы сведчыць хаця б той факт, што пры значным росце ВУП у краіне ў гэтыя гады нагрузка на навакольнае асяроддзе павялічылася ўсяго на 0,5-1%. Дзяржава актыўна інвеставала ў ахову навакольнага асяроддзя.
У адкрыцці форуму, якое адбылося сёння ў Гродне, прынялі ўдзел дэлегацыі ўсіх абласцей рэспублікі, вядучыя спецыялісты сферы аховы прыроды Беларусі. Гасцямі форуму сталі кіраўнікі прыродаахоўных ведамстваў Польшчы, Латвіі, Украіны і прадстаўнікі расійскага міністэрства.
На працягу дня ў абласным цэнтры пройдуць прыродаахоўныя, пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы.
Адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў экалагічнай накіраванасці, якія праводзіліся ў краіне на працягу года. У прыватнасці, абвесцяць пераможцу конкурсу па максімальным здабыцці другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў. Будзе названа лепшая кампазіцыя па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый.
VIII Рэспубліканскі экалагічны форум прысвечаны Міжнароднаму году біялагічнай разнастайнасці і 50-годдзю з дня ўтварэння Дзяржаўнага камітэта БССР па ахове прыроды.-0-
БЕЛТА
Прамысловасць у Беларусі будзе і надалей развівацца з улікам экалагічнай бяспекі - І. Бамбіза
28.8.20100 праглядаў