7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі спрошчана працэдура рэгістрацыі дакументаў, неабходных для выпуску прадукцыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі. З 1 верасня 2010 года ўведзены новы парадак дзяржаўнай рэгістрацыі тэхнічных умоў на прадукцыю – па заяўным прынцыпе. З гэтай жа даты ўнесены змяненні ў шэраг тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія тычацца працэдур рэгістрацыі, распрацоўкі і вытворчасці харчовай прадукцыі. Пры гэтым захоўваецца адказнасць вытворцы прадукцыі перад спажыўцом. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі тэхнічных умоў па заяўным прынцыпе ўстанаўліваюць змяненні ў тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі – ТКП 1.3-2010 "Сістэма тэхнічнага нармавання і стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Правілы распрацоўкі тэхнічных умоў". Для дзяржрэгістрацыі неабходна прадставіць тэхнічныя ўмовы і каталожны ліст прадукцыі. Тэрмін правядзення рэгістрацыі тэхнічных умоў не перавышае трох рабочых дзён з даты рэгістрацыі заявы суб'екта гаспадарання. Адмяняецца праверка тэхнічных умоў на адпаведнасць абавязковым патрабаванням стандартаў і заканадаўства Беларусі, якая папярэднічае іх рэгістрацыі. Дзяржрэгістрацыя тэхнічных умоў праводзіцца толькі з мэтай іх уліку. Для спрашчэння працэдур рэгістрацыі, распрацоўкі і вытворчасці харчовай прадукцыі распрацаваны і ўведзены ў дзеянне дзяржаўны стандарт Беларусі СТБ 1450-2010 "Тэхналагічная дакументацыя. Рэцэптура. Агульныя патрабаванні да распрацоўкі". Ён адмяняе абавязковае ўзгадненне рэцэптур на харчовую прадукцыю з дзяржаўнымі санітарнымі органамі нагляду і іншымі зацікаўленымі органамі дзяржкіравання. Унесены змяненні ў ТКП 5.2.01-2005 "Нацыянальная сістэма пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь. Парадак сертыфікацыі харчовых прадуктаў і харчовай сыравіны. Асноўныя палажэнні" і ў ТКП 5.2.20-2008 "Нацыянальная сістэма пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь. Парадак сертыфікацыі алкагольнай прадукцыі. Асноўныя палажэнні". Тут таксама спрошчаны парадак сертыфікацыі харчовай прадукцыі. Унесены змяненні і ў дзяржаўны стандарт Беларусі СТБ 1790-2007 "Распрацоўка і пастаноўка алкагольнай прадукцыі на вытворчасць. Асноўныя палажэнні", якія спрашчаюць пастаноўку на вытворчасць алкагольнай прадукцыі.