У Беларусі зацверджаны тры палажэнні, накіраваныя на ўдасканаленне правядзення археалагічных даследаванняў і прадухіленне дзейнасці "чорных капальнікаў". Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Саўміна №185, якая ўступае ў сілу сёння, паведамляе БЕЛТА.
У Беларусі зацверджаны тры палажэнні, накіраваныя на ўдасканаленне правядзення археалагічных даследаванняў і прадухіленне дзейнасці "чорных капальнікаў". Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Саўміна №185, якая ўступае ў сілу сёння, паведамляе БЕЛТА.
Так, пастановай зацверджана Палажэнне аб парадку выдачы дазволу на права правядзення археалагічных даследаванняў, прыпынення і спынення яго дзеяння. Акрамя таго, зацверджаны Палажэнне аб парадку ўліку выяўленых археалагічных аб'ектаў і артэфактаў, а таксама Палажэнне аб абласных (Мінскай гарадской) камісіях па археалагічных аб'ектах і артэфактах.
Дакументы прыняты на выкананне ўказа №485, накіраванага на стварэнне дадатковых умоў для захавання культурнай спадчыны краіны, а таксама прадухіленне дзейнасці "чорных капальнікаў".
Як растлумачыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакиза, дзякуючы прыняццю палажэнняў у Беларусі цяпер выразна вызначаны механізм абароны археалагічных аб'ектаў і артэфактаў. "Пошук іх, у тым ліку і з металадэтэктарам, без дазволу НАН Беларусі цяпер забаронены. Прынята новая адміністрацыйная працэдура па атрыманні дазволу (адкрытага ліста) на правядзенне археалагічных даследаванняў, а за парушэнне прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне. Гэта вельмі важны момант для абароны нашай спадчыны", - падкрэсліў вучоны. Так, адкрыты ліст будзе выдавацца бясплатна і дзейнічаць з дня атрымання да канца каляндарнага года, у якім ён быў выдадзены.
Вучоны адзначыў, што важным момантам з'яўляецца і той факт, што пастановай выразна рэгламентуецца парадак уліку археалагічных артэфактаў, якія знаходзяцца ў фізічных асоб, а таксама тэрміны і парадак іх уключэння ў рэестр археалагічных артэфактаў.