22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Працэс выкупу бізнесам арэндных плошчаў ва ўласнасць у Беларусі актывізуецца. Аб гэтым заявіў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы кардынальна зменім стаўленне да продажу ва ўласнасць арандаванай маёмасці", - адзначыў Пётр Пракаповіч. Асабліва гэта тычыцца тых прыватных прадпрыемстваў, якія маюць свае праграмы развіцця, павелічэнне працоўных месцаў, нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці тавараў і паслуг. Неабходна максімальна выкарыстоўваць гэтыя плошчы, падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Тым больш што ў рэспубліцы створана нарматыўная база, якая дазваляе прадаставіць першачарговае права на выкуп маёмасці арандатарам. "Мы павінны зрушыць з мёртвай кропкі гэты працэс, гэта выгадна ўсім - дзяржаве, развіццю нашай эканомікі, а малыя і сярэднія прадпрыемствы атрымліваюць магчымасць развіваць далей свой бізнес, вытворчасць", - сказаў ён. Дзяржава пры гэтым (продаж арэнднай плошчы ва ўласнасць) атрымлівае адразу рэсурсы, сродкі, якія яна раней за арэнду мела на працягу 7-8 гадоў. А ў гэтым выпадку адразу ўся сума ад продажу маёмасці ідзе ў бюджэт. Такім чынам, у гэтым працэсе адзначаны ўзаемны інтарэс прыватнага бізнесу і дзяржавы, падкрэсліў Пётр Пракаповіч.

Віцэ-прэм'ер таксама назваў прыклады актыўнага інвесціравання прыватнага бізнесу ў развіццё дзяржаўных прадпрыемстваў. Так, Віцебскае абутковае прадпрыемства "Марка" прыступае да стварэння скурна-абутковага холдынгу. Там плануецца ў 2 разы павялічыць аб'ём вытворчасці абутку, пабудаваць новы скураны завод, запраектавана таксама развіццё мехавай вытворчасці. "Гэта добры прыклад супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага бізнесу", - лічыць Пётр Пракаповіч.

Яшчэ адным прыкладам з'яўляецца супрацоўніцтва з магілёўскай прыватнай кампаніяй "Севролюкс". Гэта прадпрыемства мае намер павялічыць аб'ёмы вытворчасці мяса птушкі ў Смалявічах у 2 разы. Плануецца стварыць прыватнае прадпрыемства, якое можа ўвайсці ў дзясятку найбуйнейшых вытворчасцей па мясе птушкі ў СНД.