Бясплатнае харчаванне
Адным з запатрабаваных відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі па-ранейшаму застаецца забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Ужо за першае паўгоддзе гэту дапамогу ў нашым раёне атрымала 92 дзіцяці на суму 228 мільёнаў 470 тысяч рублёў. У мінулым годзе бясплатным харчаваннем на суму больш за 500 мільёнаў рублёў было забяспечана 190 дзяцей.
Грыбы – на здароўе
Як паведамілі ў ДУ «Лепельскі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», за гэты год у нашым раёне выпадкаў атручвання грыбамі не зарэгістравана. Дарэчы, такая спрыяльная сітуацыя назіралася і ў мінулым годзе. Аднак спецыялісты раяць не грэбаваць элементарнымі правіламі: збіраць знаёмыя, не пашкоджаныя грыбы. Дзецям да шасці гадоў нельга есці гэтыя дары лесу, іх арганізм не выпрацоўвае ферменты, неабходныя для пераварвання грыбоў.
Інтэрнацыянальныя змены
Багатым было лета на міжнародных гасцей для ДРАЦ «Жамчужына». На яго базе зборы фізіка-матэматычнай школы правёў маскоўскі Цэнтр бесперапыннай матэматычнай адукацыі. У іх прынялі ўдзел 300 дзяцей з Расіі і Віцебскай вобласці. Сто юных матэматыкаў Расіі, Ірана, Харватыі, Германіі і Канады сабрала летняя канферэнцыя міжнароднага матэматычнага турніру. Пабывалі на Лепельшчыне і гімнасты з Масквы і Санкт-Пецярбурга.
Адпачынкавыя туры
Балгарыя, Чарнагорыя, Грэцыя – папулярныя краіны сярод лепельчан, якія скарысталіся паслугамі турфірмы «Лепель-тур» у сезон адпачынкаў. Пабывалі нашы землякі і ў Італіі, Харватыі, Германіі і Францыі. З крымскіх напрамкаў найбольш запатрабаванымі былі Еўпаторыя і Мікалаеўка. «На ўра» прайшла акцыя ранняга браніравання, якая дапамагла зэканоміць тым, хто патурбаваўся пра адпачынак яшчэ зімой-вясной. За самы бюджэтны тур – у Мікалаеўку – лепельчане заплацілі 150 долараў, а самы дарагі – у Ізраіль – абышоўся ў 2000 долараў.