12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Пункт спрошчанага пропуску "Плюсы" (Рэспубліка Беларусь) - "Каплава" (Латвійская Рэспубліка) у Браслаўскім раёне з 15 ліпеня па 15 кастрычніка будзе функцыянаваць тры дні на тыдзень, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранічнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебко. У сувязі з закрыццём на рэканструкцыю міжнароднага пункта пропуску "Грыгораўшчына" на беларуска-латвійскай мяжы ў Верхнядзвінскім раёне з 15 ліпеня па 15 кастрычніка 2012 года пункт спрошчанага пропуску "Плюсы" (Рэспубліка Беларусь) - "Каплава" (Латвійская Рэспубліка) у Браслаўскім раёне цяпер будзе функцыянаваць тры дні на тыдзень - у пятніцу, суботу і нядзелю з 9.00 да 21.00. Дзяніс Глебко звярнуў увагу на тое, што перасякаць дзяржаўную мяжу ў пункце спрошчанага пропуску "Плюсы" змогуць толькі жыхары прыгранічча Беларусі і Латвіі. Грамадзяне трэціх краін, а таксама беларусы і латышы, якія не пражываюць у прыграніччы, змогуць перасекчы беларуска-латвійскую мяжу толькі праз пункт пропуску "Урбаны" (Рэспубліка Беларусь) - "Сілене" (Латвійская Рэспубліка).-0-

БЕЛТА