Буйны інфраструктурны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Мадэрнізацыя пункта памежнага пераходу Урбаны - Сілене (Латвія-Беларусь)" будзе рэалізаваны на беларуска-латвійскай мяжы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні.
Праект фінансуецца за кошт сродкаў Еўрапейскага саюза з суфінансаваннем беларускага і латвійскага бакоў. Уклад Еўрапейскага саюза ў фінансаванне праекта складае 4,57 млн еўра, у тым ліку для Беларусі - 3,5 млн еўра.
Комплекс запланаваных у адпаведнасці з ім работ накіраваны на пашырэнне праезнай часткі паміж "Урбанамі" і "Сілене" да трох палос руху, падзеленых пешаходнай дарожкай, у кожным напрамку (па адной паласе для грузавога транспарту; легкавых аўтамабіляў/аўтобусаў; экстраннага/дыпламатычнага транспарту). Цяпер паміж аўтадарожнымі пунктамі пропуску дарожнае палатно мае ўсяго 2 палосы (па паласе для ўезду ў Беларусь і на выезд), што прыводзіць да эфекту "бутэлечнага горла".
Таксама па праекце беларускім бокам плануецца будаўніцтва стацыянарнага інспекцыйна-даглядного комплексу для сканавання транспартных сродкаў. Выкарыстанне дадзенага комплексу і тэхналогіі неінтразіўнага (без ускрыцця) мытнага дагляду дазволіць больш эфектыўна процідзейнічаць міжнароднаму тэрарызму і кантрабандзе зброі, наркотыкаў, цыгарэт, алкагольных напояў і іншых тавараў, а таксама будзе спрыяць павышэнню якасці мытнага кантролю, скарачэнню прастояў транспарту, звязаных з неабходнасцю правядзення аперацый мытнага кантролю. Чакаецца, што час мытнага дагляду транспарту скароціцца з 3 гадзін (у цэлым) да 10 хвілін.
"Рэалізацыя праекта дазволіць павысіць транзітную прывабнасць Беларусі", - адзначылі ў мытні.
У цяперашні час у пункце пропуску "Урбаны" працягваецца маштабная рэканструкцыя. Работы ідуць без яго закрыцця, усе службы працуюць у штатным рэжыме. Ужо ўведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс, у актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзяцца службова-вытворчы будынак, будынкі службаў санітарнага, ветэрынарнага і фітакантролю, пункта вагагабарытнага кантролю, модулі афармлення транспартных сродкаў. Другі пускавы комплекс плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў лістападзе бягучага года, а ў цэлым завяршыць рэканструкцыю маюць намер у снежні 2020-га.