XXIII Міжнародны фестываль яўрэйскіх моладзевых клубаў і суполак "Пурымшпіль у Віцебску" пройдзе 17-19 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
XXIII Міжнародны фестываль яўрэйскіх моладзевых клубаў і суполак "Пурымшпіль у Віцебску" пройдзе 17-19 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Больш за 20 гадоў у дні святкавання вясёлага свята Пурым у паўночным беларускім горадзе пачалі праводзіць фестываль, на якім, прытрымліваючыся старадаўніх традыцый, каманды моладзевых яўрэйскіх клубаў і суполак паказваюць прадстаўленні аб тым, як мудрая Эстэр і адважны Мардохей выратавалі яўрэйскі народ. Праводзіцца вялікая колькасць конкурсаў, галоўны - на лепшае сцэнічнае увасабленне ідэі традыцыйнага Пурыма. "Мы чакаем у Віцебску больш за 250 удзельнікаў з розных краін. Кожны год тэма фестывалю мяняецца, у гэты раз яна гучыць так: "Нам з гэтым жыць!". Гэтымі словамі завершыцца і невялікая пазаконкурсная пастаноўка, падрыхтаваная маладым калектывам на аснове ўспамінаў чалавека, які перажыў халакост", - растлумачыла дырэктар фестывалю Соф'я Карпас.
Гэтае прадстаўленне пад назвай "Момант памяці" адкрые сёння праграму мерапрыемстваў у коласаўскім тэатры, пасля чаго дэлегацыі адправяцца да закладного каменя на беразе Заходняй Дзвіны на месцы былога гета. Тут удзельнікі фестывалю ўспомняць ахвяр той трагедыі ў малітвах, запаляць свечкі, павяжуць каляровыя стужачкі на дрэвы. А запрошаны оперны спявак з Ізраіля выканае песню-малітву.
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю і шоу-праект "Пурым у тварах" пачнецца ў Канцэртнай зале "Віцебск" гэтым жа вечарам. Конкурсныя выступленні калектываў можна будзе паглядзець у суботу на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра ім. Якуба Коласа. І тут жа ў нядзелю адбудзецца Гала-канцэрт закрыцця. "Паколькі Пурым з'яўляецца святам збавення, у першую чаргу ад фізічнага знішчэння, яго важнымі элементамі з'яўляюцца пір і весялосць. На працягу трох дзён удзельнікаў чакаюць вечарынкі, святочныя абеды і вячэры з традыцыйнымі стравамі", - адзначыла суразмоўніца.
Акрамя таго, сёлета на пляцоўках коласаўскага тэатра пройдзе фестываль-кірмаш ізраільскіх магчымасцей "Шалом, Ізраіль!" - мерапрыемства, падрыхтаванае кампаніяй OFEK ISRAELI і прадстаўніцтвам Яўрэйскага агенцтва для Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь. Яно пазнаёміць гасцей з сучасным жыццём ізраільскіх гарадоў, культурай гэтай краіны, эканомікай, сістэмай адукацыі, аховы здароўя, прафарыентацыі і сацыяльнага забеспячэння. У праграме таксама сустрэчы з прадстаўнікамі розных сфер і структур дзяржавы, прадстаўнікамі навучальных устаноў, дзеячамі культуры; прэзентацыі, лекцыі ад запрошаных гасцей; майстар-класы і забавы для ўдзельнікаў усіх узростаў; розыгрыш каштоўных прызоў.