У рамках маштабнай акцыі «Бяспечныя канікулы» выхаванцы дзіцячых садкоў №6 і №9 горада Лепеля здзейснілі касмічнае падарожжа ў Баламуцію разам з героямі мультфільма «Чароўная кніга».
Падарожжа на камеце «Бяспека» праходзіла пазнавальна і захапляльна. Дзеці ўвесь час пераадольвалі цяжкасці, ратуючы жыхароў розных планет.
Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі дапамаглі Бубе вывучыць тэлефоны экстранных службаў. Не прайшло і некалькі хвілін палёту, як ракета прызямлілася на Халоднай планеце, дзе ў дзяцей ужо прасілі дапамогі разабрацца ў правілах выкарыстання агню. На наступным прыпынку дапамога спатрэбілася Нюшы, якая не магла выбрацца з высокай вежы, запоўненай дымам.
Маршрут каметы «Бяспека» незаўважна прывёў да канчатковага пункта. Малышоў сустрэў Баламут і падзякаваў за тое, што яны зрабілі столькі добрых спраў, дапамаглі жыхарам розных планет, а заадно і паўтарылі правілы бяспекі.
На памяць аб сустрэчы супрацоўнік МНС уручыў будучым школьнікам кніжкі-размалёўкі па бяспецы жыццядзейнасці.