7 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пуцёўкі ў санаторыі Віцебскай вобласці на навагоднія святы раскуплены ўжо практычна цалкам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Браніраванне месцаў пачалося ў здраўніцах у кастрычніку-лістападзе. У цяперашні час свабодных пуцёвак у санаторыі Віцебскай вобласці амаль не засталося. Так, цалкам загружаны дзіцячы санаторый "Расінка" (Мёрскі раён) і аздараўленчы комплекс "Жалезнякі" (Віцебскі раён). Нязначную колькасць свабодных месцаў яшчэ засталося ў санаторыі "Лясное" (Докшыцкі раён) і Лепельскім ваенным санаторыі, загружанасць якіх па стане на 7 снежня складае 90% і больш за 80% адпаведна. "У бліжэйшыя дні і пуцёўкі, што засталіся, будуць цалкам раскуплены, бо попыт на карысны для здароўя адпачынак не змяншаецца", - выказалі ўпэўненасць супрацоўнікі гэтых лячэбных устаноў.
Найбольшую актыўнасць пры браніраванні месцаў у здраўніцах рэгіёну праявілі расіяне. У агульным аб'ёме рэалізаваных пуцёвак іх доля складае ад 60% да 70%. Каляды і Новы год у віцебскіх здраўніцах будуць сустракаць таксама жыхары Літвы, Латвіі і Германіі. Каб зрабіць адпачынак сваіх гасцей прыемным і вясёлым, у санаторыях распрацаваны спецыяльныя культурна-забаўляльныя праграмы, рыхтуюцца тэатралізаваныя шоу з прыцягненнем прафесійных артыстаў. Напрыклад, Лепельскі ваенны санаторый прапануе сваім гасцям здзейсніць займальнае падарожжа на квадрацыклах, а ў аздараўленчым комплексе "Жалезнякі" пастаяльцам прапануюць прыняць удзел у народных абрадах.
У перыяд зімовых канікул змогуць адпачыць і школьнікі. У Віцебскай вобласці ў дзённых прышкольных лагерах з 24 снежня па 8 студзеня плануецца аздаравіць 9,7 тыс. дзяцей і падлеткаў, паведаміла начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алена Андрэйкава, адзначыўшы, што пераважна гэта будуць дзеці з шматдзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем'яў.-0-
БЕЛТА
Пуцёўкі ў санаторыі Віцебскай вобласці на навагоднія святы раскуплены амаль цалкам
7.12.20110 праглядаў