Работа па аптымізацыі падатковай сістэмы вядзецца ў цесным кантакце з практыкамі - А.Антоненка
9.6.20110 праглядаў
9 чэрвеня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Работа па аптымізацыі падатковай сістэмы Беларусі вядзецца ў цесным кантакце з практыкуючымі бухгалтарамі і эканамістамі. Пра гэта паведаміў сёння падчас выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы ў Гродне яе старшыня Аляксандр Антонаненка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасяджэнне камісіі ў Гродне праходзіць з удзелам дэпутатаў, прадстаўнікоў міністэрстваў фінансаў і па падатках і зборах, а таксама кіраўнікоў прадпрыемстваў горада, эканамістаў і галоўных бухгалтараў. Асноўнай тэмай сустрэчы з'яўляюцца праблемы і перспектывы падатковай палітыкі ў Беларусі.
Аляксандр Антонаненка падкрэсліў, што сёння ўзнікла неабходнасць карэкціроўкі падатковай сістэмы. Пры гэтым яна павінна адпавядаць існуючым эканамічным умовам і ўзятаму краінай курсу на інавацыйны шлях развіцця, вытворчасць імпартазамяшчальных тавараў і тавараў з айчыннай сыравіны, якія будуць пастаўляцца за мяжу. Таму першачарговая задача - зрабіць прывабным інвестыцыйны, падатковы клімат, удасканальваць сістэмы ўліку, якія былі б зразумелыя і зручныя не толькі для ўнутранага, але і для знешняга спажывання.
Сярод канкрэтных магчымасцей аптымізацыі падатковай сістэмы на пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні пераносу страт на прыбыткі будучых перыядаў, павелічэння тэрмінаў дакументальнага пацвярджэння вывазу тавараў за межы Беларусі. Разглядаецца неабходнасць перагляду падстаў спагнання штрафаў за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў у сферы падатковага заканадаўства. Удзельнікі сустрэчы аналізавалі шляхі ўдасканалення выплаты падаходнага падатку, экалагічнага і падатку на дабаўленую вартасць. Так, магчыма, будуць перагледжаны некаторыя льготы ў выплаце падаткаў. Гаворка ідзе не пра павышэнне працэнтаў падаткаў, а, хутчэй, пра іх пераразмеркаванне, падкрэсліла намеснік міністра па падатках і зборах Ларыса Кандратова.
Спецыялісты-практыкі мелі магчымасць выказаць сваё меркаванне аб тым, наколькі карысныя прапанаваныя папраўкі заканадаўства і ці будуць яны мець станоўчае ўздзеянне на эканоміку канкрэтнага прадпрыемства.
Абмеркаванне пытанняў удзельнікі сустрэчы працягнуць у СЭЗ "Гроднаінвест", дзе азнаёмяцца з асаблівасцямі падаткаабкладання, таксама яны наведаюць СТАА "Зов-ЛенЕвромебель", ААТ "Гродзенскі мясакамбінат". 10 чэрвеня пасяджэнне працягнецца ў Слоніме, запланавана наведванне ААТ "Слоніммебель". -0-
БЕЛТА