17 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Работа са зваротамі грамадзян павінна стаць адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці кіраўнікоў. Такую думку журналістам выказаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч пасля прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе прамой тэлефоннай лініі, якая доўжылася тры гадзіны, памочніку Прэзідэнта паступіла 40 званкоў. Большасць з іх датычылася працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, уладкавання дарог, жыллёвага будаўніцтва. "Гэта пытанні жыццядзейнасці людзей, аднак насцярожвае, што яны не вырашаюцца раённымі і гарадскімі ўладамі. Ствараецца ўражанне, што мясцовыя ўлады ўнікаюць у праблемы людзей толькі пасля таго, як тыя звернуцца ў вышэйстаячыя органы", - канстатаваў Мікалай Дамашкевіч. На яго думку, Віцебскаму аблвыканкаму неабходна старанна вывучыць стан работы са зваротамі грамадзян у раённых і гарадскіх выканкамах, гарадскіх адміністрацыях.
Яшчэ адзін недахоп у рабоце мясцовай вертыкалі Мікалай Дамашкевіч бачыць у невыкананні даручэнняў, дадзеных па законных патрабаваннях грамадзян. "Нягледзячы на тое, што такіх фактаў не шмат, не ўсе службы ставяцца добрасумленна да выканання дадзеных даручэнняў", - дадаў ён.
Падводзячы вынік прамой тэлефоннай лініі, памочнік Прэзідэнта адзначыў, што за апошні час колькасць зваротаў грамадзян да яго скарацілася на 28%. "Гэта абнадзейвае. Значыць, нагрузка пераходзіць на тых, хто павінен непасрэдна вырашаць праблемы людзей. І хоць гэтыя працэсы ідуць не так хутка, як хацелася б, але яны заўважныя", - лічыць Мікалай Дамашкевіч. Ён мае намер рэкамендаваць Віцебскаму аблвыканкаму разглядаць работу з грамадзянамі як адзін з галоўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці кіраўніка. -0-
БЕЛТА
Работа са зваротамі грамадзян павінна стаць крытэрыем ацэнкі дзейнасці кіраўнікоў - Н.Дамашкевіч
17.10.20120 праглядаў