Праца ў сельскай гаспадарцы становіцца прывабнай - Б.Батура
12.12.20120 праглядаў
12 снежня, Мінск /Вера Громчакава - БЕЛТА/. Праца ў сельскай гаспадарцы становіцца прывабнай. Такое меркаванне выказаў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура сёння на сустрэчы з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на працу ў арганізацыі сталічнай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Барыса Батуры, у Мінскай вобласці пастаянна вядзецца праца па паляпшэнні якасці жыцця ў сельскай мясцовасці. "Перспектыва працы ў сферы сельскай гаспадаркі становіцца ўсё больш прывабнай, у тым ліку дзякуючы створаным умовам працы і побыту, - адзначыў ён. - Мы рухаемся наперад і ў справе вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі, што азначае годную аплату працы".
У цяперашні час перад сельскагаспадарчай галіной ставіцца задача аптымізацыі структуры вытворчасці прадукцыі. Да 2015 года ў кожным раёне прадугледжваецца стварыць буйны агракамбінат, які аб'ядноўвае шэраг сельскагаспадарчых арганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў, з завершаным цыклам вытворчасці і рэалізацыяй прадукцыі з адпаведным брэндам. "Праблема забеспячэння кадрамі, здольнымі рэалізаваць гэтыя маштабныя задачы ў галіне, стала адной з самых важных. Пры гэтым роля моладзі ў развіцці аграрнага сектара выходзіць на першы план", - падкрэсліў Барыс Батура.
"Якасная, канкурэнтаздольная прадукцыя можа быць атрымана толькі з якаснай сыравіны. У развіццё сельскай гаспадаркі ў сталічнай вобласці ўкладваюцца вялікія сродкі. Толькі для будмантажу рэканструяваных ферм у бягучым годзе ўжо асвоена Br1,2 трлн.", - распавёў старшыня Мінскага аблвыканкама.
Закранаючы побытавыя ўмовы вяскоўцаў, Барыс Батура адзначыў, што ў кожным раёне Мінскай вобласці створаны нармальныя ўмовы для адпачынку, заняткаў фізкультурай і спортам. "У кожным раёне Міншчыны павінен быць плавальны басейн. Завяршэння будаўніцтва такіх спартыўных аб'ектаў чакаюць Чэрвень, Валожын, Беразіно, Стоўбцы. Тут басейны будуць уведзены ў эксплуатацыю ў першым паўгоддзі 2013 года", - распавёў ён.
На сустрэчу са старшынёй Мінскага аблвыканкама з розных раёнаў вобласці прыехалі 27 маладых спецыялістаў, занятых у сферах сельскай, лясной, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, аховы здароўя, культуры, адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму і інш. Падымаліся пытанні аб дзяржаўнай падтрымцы маладых спецыялістаў, у тым ліку забеспячэнні іх жыллём, аб шляхах эканамічнага развіцця асобных раёнаў.
БЕЛТА