15 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Калекцыя работ Анатоля Каплана экспануецца на выстаўцы ў музеі Марка Шагала ў Віцебску, прадстаўлена 65 твораў, выкананых у розных тэхніках, блакноты для эскізаў, кнігі мастака са збору музея. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры. Усяго ў фондах музея М.Шагала знаходзіцца больш за 100 работ Анатоля Каплана. Фарміраванне калекцыі адбывалася ў некалькі этапаў. Так, у студзені 2008 года 41 твор Каплана віцебскаму музею перадаў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (серыі афортаў "Успаміны аб Рагачове", ілюстрацыі да рамана Мендэле Мойхер-Сфорыма "Фішка Храмой" і інш.). У студзені 2011 года больш за 60 работ Каплана (жывапіс, малюнкі, літаграфіі, афорты) музею Шагала падарылі Ісаак і Людміла Кушнір (Санкт-Пецярбург), а ў сакавіку мінулага года ў дар ад іх музею былі перададзены яшчэ 4 блакноты для эскізаў. Найбольш цікавыя з гэтых экспанатаў прадстаўлены на выстаўцы, якая будзе працаваць да 5 лютага. Як адзначылі ў музеі, творы Анатоля Каплана выстаўляліся ў розных музеях свету, але ў Беларусі імя мастака доўгія гады было незаслужана забыта. Аб змене сітуацыі можна казаць з пачатку 2000 гадоў. Так, у 2006-м у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла выстаўка майстра "Я родам з Рагачова...". У красавіку 2011 года ў Рагачове адбыліся I Капланаўскія чытанні "Вяртанне Майстра". У сваіх кампазіцыях у духу "ціхага мастацтва" або свайго роду лірычнага экспрэсіянізму, выкананых пераважна ў выглядзе чорна-белых і каляровых літаграфій, мастак адлюстроўвае характэрныя матывы перадрэвалюцыйнага "яўрэйскага адраджэння". Старыя сямейныя фотаздымкі, этнаграфічныя замалёўкі, цыклы, прысвечаныя Ленінграду і Рагачову, утвараюць у вобразах Каплана рамантычна-маляўнічы сплаў. У 2012 годзе спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Анатоля Каплана. Выстаўка ў музеі Марка Шагала адкрывае ў Віцебску серыю мерапрыемстваў, прысвечаных мастаку.-0-

БЕЛТА