Штогод увесну ў Беларусі праходзіць Тыдзень лесу, у якім актыўна ўдзельнічае і наш раён. У гэты час мы сустрэліся з начальнікам аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Андрэем Старынскім, каб пагутарыць пра дэндрапарк.
Штогод увесну ў Беларусі праходзіць Тыдзень лесу, у якім актыўна ўдзельнічае і наш раён. У гэты час мы сустрэліся з начальнікам аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Андрэем Старынскім, каб пагутарыць пра дэндрапарк.
Чаму дэндрапарк не ахоўваецца? Не сакрэт жа, што крадуць, выкопваюць рэдкія віды дрэваў… Хіба можна да кожнага дрэва ахову прыставіць ці павесіць на яго замок? Тут “замком” павінна быць сумленне кожнага і адпаведны ўзровень выхавання чалавека. Выхоўваць трэба людзей, каб адчувалі адказнасць за зямлю, на якой жывуць, за свой край і сваю планету ў цэлым. А інакш ніякія ахоўнікі не справяцца. Дэндрапарк — гэта, па сутнасці, той жа парк. У нас ёсць і паркі, і скверы — і не адзін. Гэта месцы адпачынку людзей, а не нейкія рэжымныя аб’екты. Так што хай людзі культурна адпачываюць, а хуліганам і браканьерам будзем усе разам даваць адпор.
У раёне былога цягальнага завода быў выпрацаваны гліняны кар’ер. Вось у двухтысячным годзе кіраўніцтва лясгаса і вырашыла стварыць там дэндрапарк на плошчы 6,6 гектара. Спачатку саджалі мясцовыя пароды: елку, сасну, бярозу, клён, ліпу, лістоўніцу. Затым пачалі дапаўняць флору і рознымі дэкаратыўнымі раслінамі.
У гэты час ужо не было такіх шырокіх магчымасцей, каб прывозіць саджанцы, як кажуць, з-за мора-акіяна. Нешта вырошчвалі самі ў нашых гадавальніках, нешта знаходзілі ў іншых лясгасах. Вунь, скажам, у Глыбокім вельмі багаты дэндрапарк, які амаль не саступае батанічнаму саду.
Цяпер больш за дзве тысячы раслін больш як ста дваццаці відаў. Сярод іх ёсць так званыя інтрадуцэнты — прывезеныя пароды: туя, кіпарыс, сасна кедровая, елка блакітная, дуб чырвоны, клён татарскі, воцатавае дрэва і інш.
У межах Тыдня лесу праводзім таксама і ў дэндрапарку акцыю па добраўпарадкаванні. У ёй удзельнічаюць навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, а таксама запрашаем усіх, хто пажадае. Будзем закладваць лабірынт з біручыны — гэта такая дэкаратыўная расліна, якая ўтварае “жывую агароджу”.