У Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання 5 ліпеня саюз творчых дзеячаў "Міжнародная гільдыя майстроў" сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем прадставіць рэдкі жанр сучаснага мастацтва - арт-кнігу - у калектыўным праекце "Вольнае прачытанне. Кніга мастака", паведамілі БЕЛТА ў музеі.
На пачатку мінулага стагоддзя многія мастакі і паэты сталі глядзець на кнігу як на мастацкі аб'ект. З'явіліся арыгінальна аформленыя выданні, у некаторых з іх выявы сталі дамінаваць над тэкстам. Іх сталі называць арт-кнігай, якую выконвалі ўручную, часцей за ўсё ў адзіным экзэмпляры. У ёй тэкст стаў толькі складнікам часткай працы. "Пасланне, зашыфраванае ў кнізе мастака, амаль ніколі не абмяжоўваецца візуальным і канцэптуальным шэрагам. Не менш важнымі аказваюцца тактыльныя, слыхавыя, а часам смакавыя адчуванні і нюх, - адзначылі ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання. - Аўтарская кніга - арт-аб'ект, які абыгрывае розныя элементы "кніжнага арганізма": старонкі, паперу, пераплёт або сам вобраз кнігі ў якасці сімвала культуры і веды. Выразных крытэрыяў для вызначэння гэтага роду творчасці пакуль няма, і гэта дае поўную свабоду".
Выстава прадставіць кнігу як адзін са спосабаў творчага самавыяўлення і як новы аб'ект сузірання. Разам з выданнямі, якія захоўваюць традыцыйную форму кнігі, у экспазіцыю ўключаны кнігі-аб'екты, кнігі-перформансы, рэды-мейд. У экспазіцыю ўвойдуць работы майстра унікальнага жанру мікрамініяцюры Уладзіміра Аніскіна. Гэта экспанаты з калекцыі Пецярбургскага музея "Рускі Леўша". Сярод іх самая маленькая ў свеце кніга і старонка апавядання Мікалая Лескова, напісаная на рысавым збожжы.
Куратар выставы "Вольнае прачытанне. Кніга мастака", член міжнароднага аб'яднання "Кніга мастака" Ірына Яблычкіна адзначыла, што выстава - гэта бібліятэка, дзе кнігі могуць стаяць на пастаментах, быць разгорнутымі па сценах або звісаць са столі. Сярод іх будуць не толькі напісаныя пяром, тушшу, фарбамі, але і вырубаныя сякерай, апёклыя ў печы або сатканыя на станку.
Выстава арт-кніг у Віцебску будзе працаваць да 29 верасня.