22 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Цэнтральныя раённыя бальніцы (ЦРБ) у Віцебскай вобласці пашыраюць спектр хірургічнай актыўнасці і асвойваюць лапараскапічныя аперацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач. Медыкі ў бягучым годзе закупілі 5 лапараскапічных стоек для малаінвазіўных умяшанняў. Па адной з іх перададзены ў Навалукомльскую і Лепельскую цэнтральныя раённыя бальніцы, дзе да гэтага часу такіх прыбораў не было, аднак узровень кваліфікацыі хірургаў дазваляе праводзіць сучасныя віды аператыўнага ўмяшання. Для ўдасканалення аказання хірургічнай і гінекалагічнай дапамогі насельніцтву і навучання мясцовых спецыялістаў, уключаючы ўрачоў і аперацыйных медсясцёр, у раённыя бальніцы накіроўваюцца вопытныя хірургі з абласной клінічнай бальніцы і Віцебскага гарадскога клінічнага радзільнага дома №2. Яны будуць праводзіць лапараскапічныя аперацыі і кансультацыі. Першымі навучанне пройдуць медыкі Навалукомльскай ЦРБ Чашніцкага раёна. Як падкрэсліў Юрый Дзеркач, укараненне сучасных метадаў лячэння ў раённых бальніцах дазволіць хворым з раёнаў своечасова атрымліваць кваліфікаваную дапамогу, што пазітыўна адаб'ецца на стане здароўя, зменшыць затраты на лячэнне. Шырокае ўкараненне малаінвазіўных тэхналогій хірургічнага ўмяшання прадугледжана рэгіянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі і абумоўлена неабходнасцю зніжэння смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва. У 2015 годзе ў вобласці прадугледжваецца знізіць смяротнасць сярод гэтай катэгорыі да 5,0 на 1 тыс. чалавек, зніжэнне каэфіцыента агульнай смяротнасці насельніцтва да 12,0 - 12,5 на 1 тыс. чалавек у 2015 годзе. Нягледзячы на тое, што ў вобласці да 2010 года сфарміраваліся пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці дэмаграфічных працэсаў, запаволіліся тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва, паменшылася смяротнасць насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост, медыкі занепакоены паказчыкамі смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва. -0-

БЕЛТА