Услед за завершаным чэмпіянатам раёна па міні-футболе пачынае адлік іншае раённае спартыўнае спаборніцтва — чэмпіянат па валейболе. Стартаваў другі тур.

Услед за завершаным чэмпіянатам раёна па міні-футболе пачынае адлік іншае раённае спартыўнае спаборніцтва — чэмпіянат па валейболе. Стартаваў другі тур.

Калі ў жаночай сетцы каманд параўнальна няшмат (валейбалісткі са Стай, цэнтральнай раённай бальніцы, ДРБУ-202, аграрна-тэхнічнага каледжа, райпо і КУП ДРАЦ “Жамчужына”), то ў мужчын за званне чэмпіёнаў будуць змагацца дзевяць.

У жаночай частцы турніру на спартыўную пляцоўку выйшлі каманды каледжа і “Жамчужыны”. Да першага перапынку гульня ішла на роўных, але, дадаўшы ў падачы, валейбалісткі каледжа стварылі камфортны адрыў у ліку ад саперніц і давялі партыю да перамогі (25:14). У другім сэце малюнак гульні не змяніўся, але калі да другога перапынку разрыў у ліку вагаўся ад двух да пяці мячоў на карысць каледжа, то пасля яго рывок спартсменак 9:3 прадвызначыў зыход сэта і ўсяго матча (25:15).

Барацьба паміж валейбалісткамі райпо і ДРБУ-202 абяцала быць больш упартай. Забягаючы наперад, так яно і выйшла. Гульня расцягнулася на добры час і багатая была на небяспечныя моманты і крыўдныя промахі як з аднаго, так і з другога боку.

Пачатак першага сэта, калі спартсменкі райпо набралі пяць неадказных ачкоў, выдаўся “халодным душам” для саперніц. Для валейбалістак ДРБУ-202 дадатковым стымулам да пагоні стаў набраны бал пасля двуххвіліннага розыгрышу сёмага ачка. Яны не толькі дагналі каманду саперніц, але ў канцы сэта выйшлі наперад на тры ачкі (21:18). Аддаваць лёгка так удала пачаўшуюся стартавую партыю апаненткі з райпо не жадалі і зраўнялі лік. І ўсё ж два апошнія розыгрышы засталіся за ДРБУ-202 (25:23).

Другі сэт прынцыповага процістаяння атрымаўся нібы пад капірку, але з невялікай агаворкай. Спачатку наперадзе былі валейбалісткі райпо (15:11), потым — ДРБУ-202 (18:21). У параўнанні з першай партыяй, у гэты раз фартуна была на іншым баку — на вырашальных мячах больш удачлівымі былі спартсменкі райпо (25:23).

Зрытальнікаў чакаў “тай-брэйк”. Чашы вагаў хіліліся то ў адзін, то ў іншы бок. Пасля ліку 11:10 на карысць ДРБУ-202 здавалася, што валейбалісткі “даціснуць” нязломных саперніц. Не атрымалася, каманда райпотребсаюза атрымала агульную перамогу ў трэцім сэце (15:11) і ўсёй гульні.

Ужо па некалькі матчаў можна меркаваць, якая напружаная барацьба чакае заўзятараў. Ролю “хлопчыкаў для біцця” ніхто прымяраць не хоча, значыць тым цікавей будзе надалей, бо гэта толькі пачатак. Прыходзьце падтрымаць сваіх улюбёнцаў у спортзалу фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

Яўген НіКАЛАЕЎ.