Ралука з Румыніі стала ўладальніцай Гран-пры дзіцячага конкурсу на юбілейным "Славянскім базары ў Віцебску"
15.7.20110 праглядаў
15 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Ралука з Румыніі стала ўладальніцай Гран-пры IX Міжнароднага дзіцячага конкурсу "Віцебск-2011" на юбілейным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пераможцы малой інтрыгі XX форуму ўручаны $5 тыс., спецыяльны прыз і дыплом уладальніка "Гран-пры" IX Міжнароднага дзіцячага конкурсу "Віцебск-2011".
Першая прэмія ў памеры $3 тыс., спецыяльны прыз і дыплом лаўрэата (уладальніка I прэміі) прысуджана Куралай Мейрамбек з Казахстана.
Другую прэмію ў памеры $2 тыс. журы пад старшынствам заслужанага артыста Расіі Сяргея Шусціцкага падзяліла паміж Валерыяй Чувізовай з Латвіі і прадстаўніком Азербайджана Джэнтльменам. Юным канкурсантам уручаны спецыяльныя прызы і дыпломы лаўрэатаў IX Міжнароднага дзіцячага конкурсу "Віцебск-2011" (уладальнікаў II прэміі).
Тры ўдзельнікі падзялілі сёлета і трэцюю прэмію ў памеры $1 тыс. Спецыяльныя прызы і дыпломы лаўрэатаў конкурсу (уладальнікаў III прэміі) з Віцебска павязуць беларуская ўдзельніца Аляксандра Няхай, балгарын Марцін Ёрданаў і Мар'яна Шчарбак з Украіны.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу адбылося сёння ў канцэртнай зале "Віцебск" на гала-канцэрце "Краіна цудаў". У ходзе цырымоніі таксама былі ўручаны спецыяльныя прызы ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі канкурсантам, якія прадстаўляюць краіны Саюзнай дзяржавы. Падарункамі саюзных парламентарыяў адзначаны Ганна Атрошчанка (Беларусь) і расіянка Вольга Казазоева.
Як падкрэсліў старшыня Міжнароднага дзіцячага журы Сяргей Шусціцкі, усе ўдзельнікі былі годныя перамогі, кожнага з іх ужо можна назваць артыстам. Рашэнне было прынята аднагалосна, адзначыў ён, каментуючы вынікі конкурсу.
Ацэньвалі вакальнае майстэрства канкурсантаў сёлета ўладальнік Гран-пры "Віцебска-2004" Пётр Елфімаў (Беларусь), папулярны балгарскі спявак Улада Дзімаў, лаўрэат "Віцебска-2006" Эвеліна (Літва), лаўрэат "Віцебска-2007" Себ Себасцьян (Польшча), уладальнік Гран-пры "Віцебска-2002" Зікі (Сербія), спявак, заслужаны артыст Украіны Пятро Чорны. Пры гэтым для стварэння больш спакойнай і камфортнай для дзяцей атмасферы іх балы па выніках конкурсных дзён, у адрозненне ад дарослага конкурсу, не абвяшчаліся, а выступленні членамі журы не каментаваліся.
IX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2011" прайшоў у рамках XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" 12 і 13 ліпеня. Яго ўдзельнікамі сталі 23 юных выканаўцы з 20 краін свету. Беларусь, Расію і Украіну традыцыйна прадстаўлялі па два канкурсанты.-0-
БЕЛТА