Рарытэтныя ўзоры зброі XIX стагоддзя папоўняць фонды Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
20.10.20110 праглядаў
20 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рарытэтныя ўзоры халоднай зброі XIX стагоддзя, знойдзеныя археолагамі ў 2011 годзе пры раскопках на тэрыторыі старажытнага Замкавага ручая ў цэнтры Віцебска, будуць перададзены Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею. Пра гэта паведаміла сёння журналістам загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Леўка. У Віцебску яна прымае ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі "Віцебская даўніна", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе археалагічнага назірання, якое вядзецца з 2010 года пры будаўніцтве адміністрацыйнага будынка ў рэчышчы Замкавага ручая і прылеглай да яго тэрыторыі, спецыялісты выявілі драўляную пабудову на глыбіні каля 8 м ад паверхні дзённага слоя. Побач з ёй знойдзены эфес нейкай зброі (без ляза), на якім пры далейшым даследаванні была выяўлена лічба 1872. Акрамя таго, унутры драўлянай канструкцыі выяўлены сапсаваны згорток, дзе знаходзіліся шпага, некалькі шабляў і шашак.
Усе знаходкі, якія датуюцца 1841-1883 гадамі, у выдатным стане, за выключэннем аднаго ляза, якое спецыялісты спадзяюцца рэстаўраваць. На двух прадметах выяўлены клеймы вядомай нямецкай фірмы Золінген. Тут жа знойдзена гузік узору 1812 года. Як мяркуюць навукоўцы, гэта можа быць скарб, які сабраў удзельнік падзей 1812 года, інакш цяжка растлумачыць знаходжанне ў адным месцы вельмі рэдкіх і рарытэтных узораў зброі. Усе выяўленыя прадметы археолагі вырашылі перадаць у фонды абласнога краязнаўчага музея.
Акрамя таго, на месцы археалагічнага назірання ў 2011 годзе спецыялісты выявілі працяг астаткаў фундамента і сцен Васкрэсенскай Заручаўскай царквы, першыя фрагменты якой былі выяўлены ў 2009 годзе. Цяпер жа яе месцазнаходжанне абсалютна дакладна пацвярджаецца знойдзенымі таксама ў бягучым годзе прадметамі і матэрыяламі, якія звязаны з культавым збудаваннем. У наваколлі царквы выяўлены нацельны крыж і выдатна захаваны крыж-энкалпіён, які датуецца XIV стагоддзем, што з'яўляецца вельмі вялікай рэдкасцю для Віцебска.
Тут жа былі выяўлены рэшткі мураванага будынка, у якім размяшчалася прытулак для дзяцей рамеснікаў, і яшчэ шэраг драўляных канструкцый, якія не паддаюцца ідэнтыфікацыі з-за дрэннай захаванасці. Адзінае, што ўдалося зрабіць, гэта правесці дэндралагічны аналіз па спілах з дрэва для ўстанаўлення ўзросту будынкаў, якія, па папярэдніх ацэнках, адносяцца да XV стагоддзя. Усе знойдзеныя будынкі даюць магчымасць удакладніць план старажытнага горада. "Віцебск вельмі цікавы з археалагічнага пункту гледжання і, спадзяюся, нетра старажытнага горада захоўваюць яшчэ нямала гістарычных таямніц, таму раскопкі будуць працягвацца", - адзначыла Вольга Леўко.-0-
БЕЛТА