Напярэдадні абласнога свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі" ў Браславе запрацаваў новы разлікова-касавы цэнтр РВУП "Віцебскэнерга", паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.
"Адкрыццё цэнтра стала працягам палітыкі "Белэнерга" па павышэнні якасці абслугоўвання грамадзян і юрыдычных асоб", - адзначылі ў "Віцебскэнерга". Гэта дазваляе забяспечыць даступнасць падключэння да электрычных сетак энергасістэмы, празрыстасць адносін бакоў па дагаворах энергазабеспячэння, укараненне інфармацыйных тэхналогій.
Новы разлікова-касавы цэнтр адпавядае сучасным стандартам прыёму наведвальнікаў. Арганізаваны месцы, дзе можна ўдакладніць разлікі за электрычную энергію па сваім дагаворы, заключыць і перааформіць дагавор электразабеспячэння. У зале абслугоўвання наведвальнікаў устаноўлены відэапанель і інфармацыйны тэрмінал, з дапамогай якога абаненты па нумары асабовага рахунку могуць самастойна паглядзець усю інфармацыю. Акрамя таго, прадастаўлена магчымасць выставіць ацэнку якасці аказаных паслуг.
З адкрыццём аб'екта тры падраздзяленні энергасістэмы ("Электрычныя сеткі", "Энергазбыт" і "Дзяржэнергагазнагляд") цяпер знаходзяцца ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго, што дазваляе аператыўна працаваць з кліентамі. Зона абслугоўвання разлікова-касавага цэнтра ў Браславе - гэта больш за 16 тыс. спажыўцоў і 593 населеныя пункты.