Разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да ўраджэнца в. Крапівіна Аршанскага раёна, які здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь.
Восенню 2018 года ўраджэнец в. Крапівіна размясціў аб'яву аб продажы збожжа насельніцтву. Яму было вядома, што збожжа пшаніцы і ячменю захоўваецца на складзе ў в. Забаеньне Лепельскага раёна. У лістападзе 2018 года адпускаў збожжа са склада ў в. Забаеньне грамадзяніну С., які стаў цікавіцца, ці можна дзесьці набыць збожжа патанней. Тады ўраджэнец в. Крапівіна вырашыў, што можна такім чынам падзарабіць, прадаючы збожжа, сказаў, што работнікам каледжа можна набываць збожжа па больш нізкай цане ў кошт заработнай платы. Хоць ведаў, што збожжа работнікам каледжа ў кошт заработнай платы не адпускаюць і яго можна набыць па ўстаноўленых цэнах. Вырашыў, што пакуль на складзе няма інвентарызацый, можна, ніхто не заўважыць недахоп збожжа. Такім чынам, ён рэалізоўваў частку збожжа грамадзяніну С. па больш нізкай цане, якое і выкраў са склада ў перыяд з лістапада 2018 года па студзень 2019 года.
Як у ходзе папярэдняга следства, так і ў ходзе судовага следства ўраджэнец в. Крапівіна сваю віну прызнаў цалкам і шчыра раскаяўся.
Судом Лепельскага раёна ўраджэнец в. Крапівіна прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 40 базавых велічынь.
Дадзены прыгавор суда Лепельскага раёна ўступіў у законную сілу.
Памочнік пракурора
Лепельскага раёна
Рудзіс А.С.