Разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да жыхаркі в. Забалоцце, якая здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь.

У сярэдзіне красавіка 2019 года 49-гадовая жыхарка в. Забалоцце вырашыла пайсці да суседкі Н. і выкрасці ў яе з дома газавы балон, каб асмаліць свіней. Узяла нож і падышла да дома пацярпелай, пацягнула дзверы, вырваўся замок. Зайшоўшы ў дом, пайшла на кухню, дзе нажом перарэзала шланг, паклала 23-кілаграмовы балон на плячо і аднесла яго да сябе дадому, схавала ў спальні ў шафе. Калі сыходзіла, дзверы за сабой зачыніла, паставіла замок на месца. Балонам яна не карысталася і ў выніку сама добраахвотна выдала яго супрацоўнікам міліцыі.

Як у ходзе папярэдняга расследавання, так і ў ходзе судовага расследавання жыхарка в. Забалоцце сваю віну прызнала цалкам і шчыра раскаялася.

Судом Лепельскага раёна жыхарка в. Забалоцце прызнана вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь, і ёй прызначана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ тэрмінам на 6 месяцаў з утрыманнем у даход дзяржавы 15% заробку. У адпаведнасці з ч. 1 арт. 107 КК да яе прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Дадзены прыгавор суда Лепельскага раёна ўступіў у законную сілу.

Памочнік пракурора
Лепельскага раёна
Рудзіс А.С.