Версій паходжання назвы «Лепель» некалькі:
- слова «Лепель» паходзіць ад латышскага «ліепа» (ліпа) у сэнсе «возера сярод ліпавых лясоў». Ад назвы возера пайшла назва мястэчка, а пасля – і горада;
- у аснове назвы ляжаць беларускія словы «лепшы», «прыгожы»; «ляпіць» (звязаны з ганчарным рамяством);
- слова «лепель» старажытнабалцкае, ад якога пазней з'явілася латышскае «лепе» і літоўскае «Лепеле» — гэта значыць «жоўтыя гарлачыкі». Гэтыя расліны і цяпер сустракаюцца на мелкаводдзі Лепельскага возера.
На тэрыторыі, якая ўваходзіць у Лепельскі раён, людзі жывуць з даўніх часоў.
Першыя паселішчы старажытных людзей на тэрыторыі Лепельскага раёна з'явіліся ў эпоху мезаліту (сярэднекаменнага веку). Стаянкі эпохі мезаліту (9-6 тыс. да н.э.) выяўлены вучонымі археолагамі на паўднёва-заходнім беразе Лепельскага возера ва ўрочышчы Пясчаніца. Пры раскопках знойдзены шматлікія прылады працы: скрабкі, разцы, прылады для апрацоўкі косці, сякера і інш. Стаянкі больш позняга перыяду эпохі неаліту (4 тыс. да н.э. – 2 тыс. н.э.) знойдзены на востраве Лепельскага возера, у вусці ракі Эсы, на паўднёвым беразе возера Аконь.
У Х-ХІІ стст. Лепельскія землі ўваходзілі ў склад знакамітага Полацкага княства, а пазней – у склад Вялікага княства Літоўскага.
Першыя летапісныя згадкі пра Лепель адносяцца да 1439 года. Размешчаны на найважнейшым гандлёвым шляху старажытнасці, вядомым сёння як «шлях з варагаў у грэкі», Лепель спрадвеку меў стратэгічнае значэнне, якое і вызначыла яго шматвяковую гісторыю. У ходзе незлічоных войнаў за права валодання краем горад не раз падвяргаўся рабаванню і разбурэнню, а Лепельскі край – спусташэнню. Але кожны раз, быццам казачная птушка Фенікс, Лепель паўставаў з попелу, адраджаўся і горда працягваў свой шлях скрозь стагоддзі.
У новую гісторыю Лепель увайшоў ужо ў якасці горада, жыхары якога былі надзелены правам самакіравання. 5 красавіка 1805 г. па ўказе Аляксандра 1 мястэчка Лепель атрымала статус павятовага горада. Будаўніцтва ў 1797-1805 гг. Беразінскай воднай сістэмы, якая злучыла галоўныя водныя транспартныя артэрыі таго часу - Дняпро і Заходнюю Дзвіну, спрыяла развіццю горада, ператварэнню яго ў значны эканамічны і культурны цэнтр на поўначы Беларусі.
У 1864 г. у Лепелі была 1 капліца, 3 праваслаўныя цэрквы, 1 драўляны касцёл, 4 сінагогі, 2 заводы, 38 цагляных і 562 драўляныя дамы. З заводаў: 1 гарбарны, 1 піваварны і 2 цагляныя. У 1844 г. у горадзе быў пабудаваны велічны Спаса-Праабражэнскі сабор (разбураны пасля Вялікай Айчыннай вайны).
На канец ХІХ ст. у Лепелі пражывае больш за 6 тыс. чалавек. Развіваецца сельская гаспадарка і прамысловасць. У Лепельскім павеце дзейнічаюць гарбарны, 2 цагельных і піваварны заводы, кардонная фабрыка, 11 вінакурных заводаў і 47 млыноў. Аднак, па-ранейшаму вядучае месца ў эканоміцы займае нарыхтоўка і гандаль лесам.
З 1814 г. працавала школа Беразінскага канала, дзе ў канторы ў 1833-1839 гг. працаваў вядомы беларускі і польскі паэт Ян Чачот.
У Лепельскім дваранскім вучылішчы, адкрытым у 1830 г., выкладаў Л. Юцэвіч, вядомы літоўскі гісторык, этнаграф.
На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у выніку будаўніцтва дзясяткаў тысяч кіламетраў чыгуначных шляхоў у напрамку да Чорнага і Балтыйскага мораў Бярэзінская водная сістэма цалкам страціла сваё эканамічнае значэнне. Сёння гэта, наймагутнейшае па тых часах гідратэхнічнае збудаванне, з'яўляецца найцікавейшым гістарычным помнікам.
Першая палова ХХ ст. прынесла Лепельшчыне новыя выпрабаванні. Першая сусветная, а затым грамадзянская войны, белапольская акупацыя, эпоха сталінскіх рэпрэсій абрынулі на Лепельскую зямлю лавіну гора і пакут. Толькі за перыяд з 1920 па 1950 г. у Лепельскім раёне было рэпрэсіравана больш за 800 чалавек, многія з якіх расстраляны або памерлі ў месцах зняволення. Сярод іх ураджэнец Лепельшчыны – вядомы паэт Тэадор Кляшторны.
На Лепельшчыне нарадзіўся і жыў поўны Георгіеўскі кавалер Канапко Дамінік Вікенцьевіч.
Яшчэ больш дзіўныя страты панесла Лепельская зямля падчас Вялікай Айчыннай вайны – звыш 12 тысяч чалавек загінула, спалена 48 вёсак.
Адважны і свабодалюбівы народ аказаў мужнасцьнае супраціўленне ворагу. Лепельшчына стала адным з найважнейшых цэнтраў партызанскага руху ў Беларусі. У баявых дзеяннях на тэрыторыі раёна прымалі ўдзел 13 партызанскіх брыгад, 4 асобныя партызанскія атрады.
На Лепельшчыне свята захоўваюць памяць пра сваіх сыноў і дачок, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны. Радзіма высока ацаніла воінскі подзвіг лепельчан. Пяцёра з іх удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза (Туфтоў І. М., Тамашэвіч М. М., Ялугін П. В., Ерашоў І. М., Квецінскі В. А.), Занько Ф. П. – кавалер трох ордэнаў Славы. Сотні лепельчан узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Лепельшчына – радзіма гісторыка, археолага, члена імператарскага археалагічнага таварыства М.Ф. Кусцінскага, вучонага, доктара біялагічных навук Г.В. Багацікава, доктара ваенных навук І.М. Жарнасека, доктара медыцынскіх навук М.Л. Беленькага, паэтаў Тэадора Кляшторнага, Анатоля Верцінскага, драматурга П. Дудо.
Знакавыя даты
| 1805 г. | -Лепель атрымаў статус павятовага горада; |
|---|---|
| 1439 г. | - першыя пісьмовыя згадкі пра Лепель; |
| 1797-1805 гг. | - будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы; |
| 1802 г. | - Лепель становіцца цэнтрам павета Віцебскай губерні; |
| 1852 г. | - Лепель атрымаў герб «Пагоня»; |
| 1868 г. | - пабудавана царква св. Параскевы г. Лепель; |
| 1876 г. | - пабудаваны касцёл св. Казіміра г. Лепель; |
| 1893 г. | - заснавана Лепельская метэаралагічная станцыя; |
| 17.07. 1924 г. | - утвораны Лепельскі раён; |
| 1925 г. | - утвораны Беразінскі дзяржаўны запаведнік; |
| 1925 г. | - уступіла ў строй чыгунка Орша-Лепель; |
| 1929 г. | - адкрыты Лепельскі педагагічны тэхнікум; |
| 21.11. 1930 г. | - выйшаў першы нумар раённай газеты «Каўхозная праўда»; |
| 1940 г. | - адкрыты Лепельскае пяхотнае і артылерыйска-мінамётнае вучылішчы; |
| 3.07. 1941 г. | - раён акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі; |
| 1942-1943 гг. | - утвораны партызанскія брыгады Дубова, ім. Сталіна; |
| 28.06. 1944 г. | - раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; |
| 1948 г. | - пачалося будаўніцтва малочна-кансервавага камбіната; |
| 1954-1956 гг. | - будаўніцтва Лепельскай гідраэлектрастанцыі; |
| 1974 г. | - прыняў першых навучэнцаў Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум; |
| 1975 г. | - у в. Чарнаручча ўстаноўлена Стэла на магіле ахвяр генацыду, расстраляных 28.02.1942 г.; |
| 1976 г. | - створаны Лепельскі доследна-эксперыментальны завод шасцярэнь; |
| 1977 г. | - прыняло першых навучэнцаў Лепельскае СПТУ-175; (цяпер прафесійны ліцэй;) |
| 1982 г. | - устаноўлена мемарыяльная дошка памяці партызанкі В.А. Маргевіч; |
| 1983 г. | - адкрыты музей прыроды ў в. Домжарыцы; |
| 1989 г. | - скончана рэканструкцыя гарадскога парка; |
| 1992 г. | - пабудаваны новы будынак аптэкі; |
| 1994 г. | - адкрыты новы ўнівермаг; |
| 1997 г. | - адкрыта стаматалагічная паліклініка; |
| 1999 г. | - перавод кацельняў г. Лепеля на прыродны газ; |
| 2001 г. | - здана ў эксплуатацыю станцыя ачысткі сцёкавых вод. |
| 2002 г. | - першы заезд дзяцей на аздараўленне ў ДРАЦ «Жамчужына»; |
| 17.10.2003 г. | - уведзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі Лепельская ГЭС; |
|
2005 г. |
- мемарыяльны знак ахвярам фашызму |
| 2007 г. | -адкрыты |
| 2007 г. | - адкрыццё мемарыяльнага знака-памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. |
|
2009 г. |
- Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №277 ад 2 чэрвеня 2009 года зацверджаны гістарычныя герб і сцяг горада Лепеля |
| 2010 г. | - горад Лепель узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. |
| 2010 г. | - адкрыты помнік Льву Сапегу |
| 2010 г. | - адкрыццё помніка-капліцы ў памяць аб вязнях перасыльнага лагера для ваеннапалонных |