На базе Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшоў раённы этап агляду-конкурсу санітарных дружын прадпрыемстваў і арганізацый Лепельшчыны.
Свае веды і навыкі па аказанні дамедыцынскай дапамогі пацярпелым пры стыхійных бедствах і вытворчых аварыях, іншых надзвычайных сітуацыях прадэманстравалі каманды шасці працоўных калектываў.
З прывітальным словам выступіў начальнік Лепельскага раённага аддзела па НС Іван Пятровіч Маскалькоў, які абазначыў ролю дадзеных спаборніцтваў і пажадаў поспеху выступаючым, а таксама, каб навыкі, якія тут адпрацоўваюцца, ніколі не спатрэбілася прымяняць у рэальным жыцці.
Спаборніцтвы санітарных дружын уключалі ў сябе як тэарэтычныя, так і практычныя заданні. Табельнае камплектаванне медыцынскіх сумак, уменне надзяваць процівагаз, праца санітарных звёнаў у ачагах камбінаванага паражэння, барацьба з інфекцыйнымі хваробамі – гэта і многае іншае прадэманстравалі каманды падчас праходжання розных этапаў.
Па выніках спаборніцтваў першае месца сярод санітарных дружын заняла каманда філіяла «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат», другое месца – філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», а трэцяе – у каманды Лепельскага рамонтна-механічнага завода.
Усе каманды, якія занялі прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.