11 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі памер дапамогі па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў вызначаецца з 1 студзеня 2013 года зыходзячы з занятасці бацькі. Такое тлумачэнне прымянення нормаў закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян дало Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У адпаведнасці з артыкулам 13 гэтага закона з 1 студзеня бягучага года зменены ўмовы прызначэння і выплаты дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў. Дапамога ўстанаўліваецца ў наступных памерах: на першае дзіця - 35% сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, якая ўжываецца для вылічэння дапамогі, на другое і наступныя дзеці - 40%, на дзіця-інваліда ва ўзросце да 3 гадоў - 45%.

Памер выплачваемай дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў (100% або 50% устаноўленага памеру) вызначаецца з 1 студзеня 2013 года ў залежнасці ад занятасці асобы, якая ажыццяўляе догляд за дзіцем, і не залежыць ад іншых умоў, у тым ліку ад афармлення дзіцяці ва ўстанову, якая забяспечвае атрыманне дашкольнай адукацыі.

Пералік відаў занятасці, пры ажыццяўленні (наяўнасці) якіх дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў выплачваецца ў памеры 50%, пашырыўся. Так, з 1 студзеня індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, адвакатам, асобам, якія ажыццяўляюць прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, асобам, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з'яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, дапамога прызначаецца і выплачваецца ў памеры 50% ад устаноўленага памеру.

Змены абумоўлены неабходнасцю адзінага падыходу да прымянення прынцыпаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання пры прызначэнні і выплаце дапамог асобам, якія працуюць па працоўных дагаворах (кантрактах), і асобам, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах або ажыццяўляюць іншыя віды дзейнасці (якія плацяць абавязковыя страхавыя ўзносы самастойна).