27 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з лістапада бягучага года на 3% вырастуць памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта абумоўлена зацвярджэннем новага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з 1 лістапада 2010 года па 31 студзеня 2011 года ён складзе Br283 тыс. 50). Такім чынам, з 1 лістапада бягучага года штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў складзе Br283 тыс. 50, старэйшыя за тры гады - Br84 тыс. 920. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці дасягне Br1 млн. 415 тыс. 250, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей беларускія сем'і будуць атрымліваць Br1 млн. 981 тыс. 350. Аднаразовая дапамога жанчыне, якая стала на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лістапада бягучага года складзе Br283 тыс. 50. У Беларусі сістэмай дзяржаўных дапамог ахоплена каля 440 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 18 гадоў (25,3% дзіцячага насельніцтва краіны). У студзені-кастрычніку бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года сярэднемесячны памер дзярждапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў узрос на 37%, на дзяцей старэйшыя за тры гады - на 9,6%. Нагадаем, у адпаведнасці з указам Прэзідэнта з 1 студзеня 2010 года павялічаны памер штомесячнай дапамогі на дзяцей ва ўзросце да трох гадоў з 80% да 100% бюджэту пражытачнага мінімуму. У бягучым годзе памеры дзіцячых дапамог ужо пераглядаліся тры разы ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму - з 1 лютага, з 1 мая і з 1 жніўня.-0-

БЕЛТА