4 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з мая бягучага года на 15,6% узраслі памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Па словах спецыялістаў, пастановай Саўміна №553 ад 28 красавіка бягучага года зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў памеры Br343 тыс. 260 - гэта на 15,6% больш за нарматыў, які дзейнічаў з 1 лютага па 30 красавіка 2011 года (складаў Br296 тыс. 870).
Такім чынам, з 1 мая па 31 ліпеня бягучага года штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў складае Br343 тыс. 260, старэйшым за тры гады - Br102 тыс. 980. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці дасягне Br1 млн. 716 тыс. 300, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей беларускія сем'і будуць атрымліваць Br2 млн. 402 тыс. 820. Аднаразовая дапамога жанчыне, якая стала на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з мая бягучага года складае Br343 тыс. 260.
Сістэмай дзяржаўных дапамог на 1 студзеня 2011 года былі ахоплены каля 448,8 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (25,3% дзіцячага насельніцтва краіны).-0-
БЕЛТА
Памеры дзіцячых дапамог у Беларусі выраслі з мая на 15,6%
4.5.20110 праглядаў